BE RU EN

Незалежны прафсаюз за паўгода дапамог вярнуць работнікам $50 000

  • 26.07.2016, 10:51

Гэта на 85% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.

Старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч паведаміў praca-by.info, што за першыя шэсць месяцаў 2016 года юрысты арганізацыі агулам далі як сябрам, так і не сябрам прафсаюза 1037 бясплатных юрыдычных кансультацый; падрыхтавалі і накіравалі ў суды розных інстанцый і пракуратуру 96 касацыйных скаргаў; у структуры органаў улады і наймальнікаў - 394 скаргі, звароты, запыты. За названы перыяд прававая служба прафсаюза выйграла 26 судоў.

У выніку >судовых разглядаў сябрам прафсаюза вернута 902 168 000 недэнамінаваных рублёў, што на 85% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.

- Людзі сутыкаюцца з праблемамі рознага характару, але больш за ўсё спрэчак узнікае ў працоўных пытаннях, з нагоды стасункаў наймальнік-працаўнік, - кажа прафсаюзны лідар.

- Ці звяртаюцца таксама ў пытаннях сям'і і шлюбу, просяць дапамагчы ў адміністрацыйных і грамадзянскіх справах. Варта разумець, што за гэтымі сухімі лічбамі стаіць вялікая карпатлівая і прафесійная праца нашай прававой службы. Той факт, што мы дапамаглі вярнуць людзям за гэтыя паўгода суму амаль удвая большую, чым за такі ж перыяд у 2015-м, зусім не азначае, што прафесійны ўзровень суддзяў вырас, або што яны сталі больш справядліва судзіць. Уся справа ў тым, што колькасць парушэнняў правоў работнікаў з боку наймальнікаў значна павялічылася, да нас звяртаецца значна больш людзей, чым раней. Гэта звязана ў першую чаргу з дамовамі-падраду, з перамяшчэннем на іншае месца працы, з запазычанасцямі заробкаў, з затрымкай канчатковага разліку пры звальненні і многімі іншымі пытаннямі. Парушэнняў вельмі шмат, і, я думаю, да восені іх стане яшчэ больш у сувязі з цяжкай эканамічнай сітуацыяй, - заключае Генадзь Фядыніч.

Апошнія навіны