Мадура просіць паўмільярда даляраў на ежу
- 26.07.2016, 10:06
Сродкі выдзеліць Лацінаамерыканскі рэзервовы фонд.
Венесуэла атрымае крэдыт паўмільярда даляраў для папаўнення запасаў тавараў першай неабходнасці.
Сродкі выдзеліць Лацінаамерыканскі рэзервовы фонд, паведамляе ВВС.
Крэдытная лінія ў 482 мільёны даляраў дапаможа палегчыць сітуацыю ў краіне.
Апазіцыя крытыкуе гэтую пастанову і сумняваецца ў легальнасці крэдыту, які не быў ухвалены урадам, аднак прадстаўнікі фонду заявілі, што запыт падпісаў сябар Вярхоўнага суда краіны.
У Венесуэле цяпер цяжкі эканамічны крызіс, выкліканы падзеннем коштаў нафты. З паліц у крамах зніклі тавары паўсядзённага попыту і ў чарзе за самым неабходным можна правесці цэлы дзень.
Крытыкі ўрада вінавацяць прэзідэнта Нікаласа Мадура ў няздольнасці кіраваць эканомікай, а той у сваю чаргу абвінавачвае ў перабоі з таварамі мясцовых прадпрымальнікаў.
Час ад часу Венесуэла адкрывае мяжу з Калумбіяй, што дазваляе людзям закупіцца ў суседняй краіне ежай і лекамі.