BE RU EN

Кіраўнік Пентагона: Перамовы з Расеяй - гэта не паглыбленне вайсковага партнёрства

  • 26.07.2016, 9:13

Перамовы аб вайсковым узаемадзеянні ў Сірыі павінны падштурхнуць Расею да падтрымкі палітычнага развязання сірыйскага канфлікту.

Дамоўленасці паміж ЗША і Расеяй адносна сірыйскай палітыкі не азначаюць пачатак паглыбленага вайсковага партнёрства, заявіў міністр абароны ЗША Эштан Картэр, паведамляе Нямецкая хваля.

Перамовы аб вайсковым узаемадзеянні ў Сірыі вядуцца толькі з мэтай «падштурхнуць расейцаў да правільных крокаў», а менавіта да падтрымкі палітычнага развязання сірыйскага канфлікту, цытуе Картэра ў аўторак, 26 ліпеня, агенцтва AFP.

Аднак, са слоў Картэра, расейцы «яшчэ вельмі далёкія ад гэтага». Перамовы з Масквой павінны праясніць, «ці могуць расейцы ў Сірыі дзейнічаць правільна». Расея павінна скончыць сваю палітыку, якая садзейнічае працягу сірыйскай вайны, заявіў кіраўнік Пентагона ў Вашынгтоне.

На думку экспэртаў, яго выступленне - гэта адказ на выказаныя ў ЗША асцярогі, што вайсковае супрацоўніцтва з Расеяй можа нашкодзіць аператыўнай працы амерыканскіх вайскоўцаў.

Раней дзяржсакратар ЗША Джон Кэры абвясціў, што 25-26 ліпеня мае намер сустрэцца ў Лаосе з міністрам замежных спраў РФ Сяргеем Лаўровым для працягу дыялогу па Сірыі. За тыдзень да гэтага Кэры пабываў у Маскве, дзе спачатку сустрэўся з Уладзімірам Пуціным, а затым правёў 12-гадзінныя перамовы з Лаўровым.

Паводле звестак газеты The Washington Post, на перамовах, сярод іншага, ішла гаворка пра «пашыраны абмен інфармацыяй», мяркуючы па ўсім - звесткамі спецслужбаў. На думку кіраўніка Нацыянальнай выведкі ЗША Джэймса Клэпера, дзякуючы такому абмену Расея зможа атрымаць занадта вялікі доступ да інфармацыі аб сакрэтных аперацыях ЗША.

Апошнія навіны