BE RU EN

Іранцам забаранілі вучыцца ў Беларусі на медыкаў і дантыстаў

  • 25.07.2016, 21:49

Міністэрства аховы здароўя Ірана забараніла іранскім студэнтам атрымліваць адукацыю на медыцынскіх спецыяльнасцях у Беларусі з 1 жніўня.

Пра гэта піша іранскі бізнэс-штодзённік Financial Tribune, інфармуе «Радыё Свабода».

«Пакуль не будзе паведамлена пра іншае, міністэрства не будзе акрэдытаваць сэртыфікаты студэнтаў, якія працягнуць навучанне ў Беларусі ад 1 жніўня», - цытуе агенцтва ISNA намесніка міністра адукацыі Ірана Хаміда Акбара.

«За апошні год вялікая колькасць іранскіх студэнтаў накіравалася ў гэтую ўсходнееўрапейскую краіну, каб працягнуць вышэйшую адукацыю на медыцынскіх спецыяльнасцях, але яны не здолелі паступіць ва ўніверсітэт, і іхняя будучыня пад сумневам», - адзначыў Акбар.

Каб паступіць у Менскі медыцынскі універсітэт, замежныя студэнты павінны спачатку адвучыцца на платных падрыхтоўчых курсах пры ўніверсітэце. Пры гэтым квота для далейшага навучання замежных студэнтаў - 200 месцаў, і сотні іранцаў чакаюць магчымасці вучыцца паводле ўніверсітэцкай праграмы. Цяперашняя забарона не будзе тычыцца тых, хто ўжо скончыў падрыхтоўчыя курсы.

Паводле інфармацыі выдання заклапочаныя бацькі штодня прыходзяць у Міністэрства аховы здароўя Ірана і ў пасольства Беларусі ў Тэгеране. Financial Tribune піша, што цяпер у Беларусі навучаецца блізу 1600 іранскіх студэнтаў, а блізка што 400 ужо атрымалі дыпломы ў розных спецыяльнасцях.

Сёння ж іранскія СМІ паведамілі, што ў Беларусь накіруецца іранская дэлегацыя, каб паспрабаваць развязаць праблему з навучаннем маладых людзей, якія скончылі падрыхтоўчыя курсы.

Апошнія навіны