BE RU EN

Беларусы разграмілі каманду Нідэрландаў на ЧЕ ў баскетболе

  • 24.07.2016, 13:46

Моладзевы чэмпіянат Еўропы ў дывізіёне В адбываецца ў Грэцыі.

Баскетбалісты моладзевай зборнай Беларусі (U-20) атрымалі трэцюю перамогу на чэмпіянаце Еўропы ў дывізіёне В, які праходзіць у грэцкай Халкідзе, паведамляе БелТА.

У другім матчы турніру за 9 – 16-е месцы беларускія баскетбалісты разграмілі каманду Нідэрландаў з лікам 76 : 43 (18 : 16, 22 : 10, 21 : 9, 15 : 8).

Толькі ў стартавай чвэрці гульня ішла на роўных, а потым беларусы цалкам захапілі ініцыятыву і атрымалі ўпэўненую вікторыю з розніцай 33 балы. Самым выніковым у складзе пераможцаў стаў Максім Салаш, у актыве якога 25 набраных балаў.

Да гэтага выхаванцы Георгія Кандрусевіча і Аляксандра Барысава атрымалі дзве перамогі ў папярэдняй групе В – над камандамі Ісландыі (73 : 70) і Эстоніі (72 : 70). Акрамя таго, беларусы пацярпелі паразы ад зборных Польшчы (51 : 80), Расеі (58 : 84) і Партугаліі (74 : 75).

Сёння, у заключны дзень спаборніцтваў беларуская моладзевая каманда сустрэнецца з аднагодкамі з Македоніі ў паядынку за 13-ю выніковую пазіцыю. У вызначальным матчы за першае месца пазмагаюцца зборныя Ісландыі і Чарнагорыі, а за трэцяе месца паспрачаюцца каманды Грэцыі і Харватыі. Тройка прызёраў атрымае квіткі ў элітны дывізіён моладзевага першынства Еўропы.

Апошнія навіны