BE RU EN

Бундэсвер зоймецца навучаннем бежанцаў

  • 24.07.2016, 13:26

Ідэя заключаецца ў тым, каб бежанцы вярнуліся ў Сірыю і маглі дапамагчы ў аднаўленні краіны.

Міністр абароны Нямеччыны Урсула фон дэр Ляен мае намер паклікаць бежанцаў у нямецкае войска.

"Бундэсвер гатовы ў рамках пілотнага праекту паклікаць да навучання ў шэрагу грамадзянскіх спецыяльнасцяў больш за сто бежанцаў", – паведаміла фон дэр Ляен у нядзелю, 24 ліпеня, у інтэрв'ю Frankfurter Allgemeine Sonntagszeitung (пераклад – DW).

Апроч іншага, мігранты могуць быць занятыя ў тэхнічных працах, медыцыне і лагістыцы. Аднак грамадзяне Сірыі не могуць служыць у бундэсверы ў якасці салдатаў, паказала міністр абароны.

"Ідэя заключаецца ў тым, каб яны аднойчы вярнуліся ў Сірыю і маглі дапамагчы ў аднаўленні краіны", – дадала міністр абароны. Калі ў Сірыі да ўлады прыйдзе ўрад, які будзе здольны ўзяць на сябе адказнасць, ФРГ зможа таксама падтрымаць навучанне супрацоўнікаў сілаў бяспекі.

Раней Урсула фон дэр Ляен заяўляла, што нямецкае войска ў будучыні зможа ў пэўных выпадках запрашаць да баявых дзеянняў не толькі грамадзянаў ФРГ, але і грамадзянаў іншых краін-чальцоў ЕЗ. Гэтая прапанова сустрэла супраціў у шэрагах Хрысціянска-дэмакратычнага звязу, у які ўваходзіць міністр абароны.

Апошнія навіны