BE RU EN

У сярэднявечным рукапісе выявілі загадкавыя дзіцячыя малюнкі

  • 24.07.2016, 13:16

У манускрыпце з неапалітанскага манастыра навукоўцы выявілі дзіўныя малюнкі – д'ябла, каня (або каровы) і чалавека.

З дапамогай псіхолагаў гісторыкі ўпершыню змаглі даказаць, што крамзолі былі намаляваныя дзецьмі.

Пра адкрыццё паведамляецца ў часопісе Cogent Arts and Humanities, а коратка пра яго апавёў Live Science (пераклад – lenta.ru).

Медык Дэбора Торп з Ёркскага ўніверсітэта выпадкова натыкнулася на гэтыя выявы, даследуючы рукапісы ў рамках іншага праекту. На палях сярэднявечных манускрыптаў нярэдка знаходзяць малюнкі жывёлаў, прадметаў і нават манахаў, якія выпаражняюцца. Мяркуецца, што чытачы рукапісаў рабілі гэтыя выявы ад нуды. Аднак толькі Торп выявіла малюнкі, адназначна зробленыя дзіцем.

Каб пераканацца ў гэтай здагадцы, навукоўца звярнулася да дапамогі псіхолагаў. Апошнія прыйшлі да высновы, што крамзолі належаць пяру дзяцей чатырох-шасці гадоў. Паводле асноўных прыкметаў (выцягнутыя формы, доўгія ногі, адсутнасць тулава і вялікая галава) яны мала чым адрозніваюцца ад малюнкаў сучасных дзяцей. «Гэта адкрыццё паказвае, што дзеці ў Сярэднія вякі радаваліся жыццю, выказвалі сябе і давалі волю ўяўленню – як і ў сённяшні час», – рэзюмуе Торп.

У 2014 годзе навукоўцы высветлілі, што манускрыпт Войніча, які таксама вядомы як «самы загадкавы сярэднявечны манускрыпт», утрымлівае апісанне флоры і фаўны Новага Свету і прынамсі часткова напісаны на адной з ацтэкскіх моваў.

Апошнія навіны