Solar Impulse 2 пачаў апошні этап кругасветнага палёту
- 24.07.2016, 10:56
Самалёт на сонечнай энэргіі стартаваў з Каіра ў Абу-Дабі, гэта апошні двухдзённы этап кругасветнага падарожжа.
Вылецеўшы з Каіра, самалёт на сонечных батарэях Solar Impulse 2, як чакаецца, праз 48 гадзін прызямліцца ў Абу-Дабі, адкуль пачалася і дзе павінна скончыцца «кругасветка», паведамляе расейская служба BBC.
Палёт вакол зямной кулі стартаваў 9 сакавіка 2015 года. Самалётам кіруюць швэйцарскія пілоты Бертран Пікара і Андрэ Боршберг.
Solar Impulse 2 – гэта палепшаная версія свайго папярэдніка – Solar Impulse. Самалёт з размахам крыла 72 метры і вагой 2,3 тоны выкарыстоўвае для палёту толькі сонечную энэргію. Ягоныя крылы пакрытыя 17 тысячамі сонечных элементаў.
Як паведамілі арганізатары палёту, іхняй мэтай з'яўляецца не стварэнне практычных мадэляў сонечных самалётаў, а дэманстрацыя магчымасцяў альтэрнатыўных крыніцаў энэргіі.