Ігар Эйдман: Расеі патрэбны свой Валенса
- 2.07.2016, 13:54
Расейскаму грамадству патрэбны чалавек, блізкі да кожнага, здольны прапанаваць людзям вобраз будучыні без галечы і абуральнай сацыяльнай несправядлівасці.
Колькасць бедных у Расеі расце, прычым многія з іх гатовыя да пратэстаў. Ці зможа апазіцыя выкарыстоўваць гэтыя настроі, апавёў сацыёлаг Ігар Эйдман.
У Расеі папулярны выраз "на карысць бедных", які азначае поўную бессэнсоўнасць таго ці іншага дзеяння. Аднак пры дэмакратыі карысць бедных – адна з абавязковых мэтаў большасці палітычных сілаў. Менавіта праз гэта ў еўрапейскіх краінах была створаная сацыяльная дзяржава з дзейснай сістэмай дапамог i датацый. У Расеі яе пакуль няма і не прадбачыцца, цытуе Эйдмана Deutche Welle.
Беднасць пераходзіць у наступ
Ва ўмовах крызісу ўсё больш расейцаў жывуць за мяжой беднасці. Паводле звестак Расстата, у першым квартале 2016 года колькасць бедных рэзка павялічылася і склала 22,7 мільёна чалавек (у чацвёртым квартале 2015 года іх налічвалася 14,4 млн). Аднак у рэальнасці маламаёмных яшчэ больш. Колькасць людзей, якія адчуваюць недахоп грошай нават на прадукты харчавання і адзенне, вырасла за апошні год з чвэрці да больш як 40% насельніцтва.
Апошняе даследаванне "Левада-цэнтра" сведчыць, што напружанасць паміж беднымі і багатымі – самая вострая болевая кропка расейскай грамадскай свядомасці. Гэтую праблему не адчувае толькі адзін з дзесяці апытаных, а больш за 40% мяркуюць яе вельмі сур'ёзнай. Любыя іншыя супярэчнасці – міжнацыянальныя, міжрэлігійныя, пакаленняў – успрымаюцца ў грамадстве значна менш востра.
"Вата" носіць Prada
Па ліберальным сегменце блогасферы шпацыруе зборны партрэт прыхільніка Пуціна. Гэта нейкі малаадукаваны, бедны чалавек у ватоўцы – абавязковым атрыбуце расейскай галечы. Аднак спяшаюся расчараваць нашых сеткавых снобаў. Тыповы "пуцініст" носіць хутчэй Prada. А бедныя – гэта найменш лаяльная да ўладаў катэгорыя насельніцтва.
Паводле даследавання Інстытута сацыялогіі РАН, чым ніжэйшы ўзровень матэрыяльнай забяспечанасці, тым слабейшы давер да асноўных інстытутаў пуцінскага дзяржавы. Прэзідэнту давяраюць амаль 90% добра забяспечаных і толькі 55% маламаёмных грамадзянаў. Ураду – больш за 70% першых і каля 30% іншых. Што асабліва істотна – беднымі цяжэй маніпуляваць. Тэлебачанню верыць амаль палова багатых і толькі менш за траціну матэрыяльна незабяспечаных. У расейскіх умовах гэтыя звесткі дэманструюць не толькі недавер да ўлады з боку многіх маламаёмных, але і тое, што яны дастаткова смелыя, каб яго адкрыта выказваць.
Пасіўны недавер можа з часам перайсці ў актыўнае супрацьдзеянне. Падчас так званага беластужкавага руху яго падтрымлівалі ў асноўным прадстаўнікі сярэдняй класы. Аднак у апошнія гады, як адзначылі даследнікі з ЦЭПР, адбылося "прыкметнае зрушэнне пратэставых настрояў у найменш забяспечаныя ў матэрыяльным сэнсе грамадскія пласты". У выніку сярод самых бедных грамадзянаў без малога 40% гатовыя ўдзельнічаць у масавых пратэстах.
КПРФ для выпуску пары
Зрэшты, у Крамля ёсць стары добры інструмент каналізацыі пратэставай актыўнасці маламаёмных у бяспечным для сябе кірунку. Гэта партыя Зюганава, якая стала, фактычна, "сектай" тужлівых пра СССР. Палітычная актыўнасць яе паслядоўнікаў зводзіцца ў асноўным да ўдзелу ў дэманстрацыях у дні камуністычных святаў, пакланення "пантэону святых" былой савецкай імперыі, а таксама рытуальнаму галасаванню за КПРФ на выбарах. Ні на які рэальны пратэст, жорсткае супрацьдзеянне ўладам гэтая партыя даўно не здольная.
Галоўная яе праблема – старэнне электарату. У доўгатэрміновай перспектыве КПРФ асуджаная. Але на найбліжэйшых думскіх выбарах у малазабяспечаных няма іншай альтэрнатывы. Радыкальна апазіцыйны "Левы фронт" да ўдзелу ў іх не дапушчаны. Нібы таксама "левая" "Справядлівая Расея" асацыюецца з уладай нават мацней, чым КПРФ. Хутчэй за ўсё, у гэтай сітуацыі значная частка маламаёмаснай моладзі на выбары проста не пойдзе. А пажылыя людзі, што хутка бяднеюць у крызіс, дадуць зюганаўскім камуністам яшчэ больш галасоў, чым звычайна.
Улічваючы ўсё гэта, нядзіўна, што рэйтынг КПРФ расце. Аднак верагоднае ўзмацненне ролі камуністаў у новым парламенце нічым не пагражае Крамлю, бо КПРФ даўно стала адной з апораў пуцінскай сістэмы.
Патрэбны расейскі Валенса
Звяз дэмакратычнай апазіцыі і сацыяльных нізоў – перш за ўсё маламаёмнай моладзі, якой сярод бедных больш за чвэрць, – напэўна быў бы здольны змяніць палітычную сітуацыю ў краіне. Але з гэтай гатовай да пратэсту і хутка ўзрослай часткай грамадства апазіцыя працаваць не ўмее.
Многія апазіцыйныя лідары ментальна чужыя простым расейцам. Занадта буржуазна яны выглядаюць, занадта далёкія яны ад народа. А галоўнае, сярод іх патрабаванняў вельмі мала таго, што ў рэчаіснасці цікавіць сацыяльна неахаваную большасць.
Апазіцыі патрэбны расейскі Лех Валенса – свой сярод сваіх, блізкі да кожнага, здольны прапанаваць людзям вобраз будучыні без галечы і абуральнай сацыяльнай несправядлівасці.