Міграцыя ў Нямеччыну з краінаў Еўразвяза дасягнула рэкорднага ўзроўню
- 2.07.2016, 10:37
Амаль 80 адсоткаў усіх прыбылых – выхадцы з Усходняй Еўропы.
У 2015 годзе на пастаяннае месца жыхарства ў Нямеччыну прыбыла рэкордная колькасць грамадзянаў з іншых краінаў Еўразвяза – 685 485 чалавек, перадае Deutche Welle. У тым жа годзе 303 036 грамадзянаў еўрапейскіх дзяржаваў пакінулі Нямеччыну, што азначае чысты прырост мігрантаў 382 449 чалавек, паведаміла ў суботу, 2 ліпеня, газета Die Welt са спасылкай на Федэральную ўстанову ў справах міграцыі і бежанцаў (BAMF).
Амаль 80 адсоткаў еўрапейскіх мігрантаў складаюць грамадзяне краінаў Усходняй Еўропы. Першае месца займае Румынія (174 779 чалавек), за ёй ідуць Польшча (147 910), Балгарыя (71 709), а таксама самы малодшы сябра ЕЗ – Харватыя (50 646 чалавек).
Адначасова скарацілася колькасць мігрантаў, якія прыбываюць у Нямеччыну з краінаў паўднёвай Еўропы – Грэцыі, Італіі, Партугаліі і Гішпаніі. Летась з гэтых краінаў у Нямеччыну пераехалі 100 164 чалавекі.
У цэлым у ЕЗ налічваецца 18,5 млн унутрыеўрапейскіх мігрантаў. З іх 4,1 млн чалавек жывуць у Нямеччыне, 3,1 млн – у Вялікай Брытаніі і за 2,2 млн – у Францыі.