BE RU EN

Актывістцы далі штраф 500 даляраў за тое, што яна дрэнна пасвіла карову

  • 18.07.2016, 14:21

Кандыдата ў «дэпутаты» ад партыі БНФ улады ўсяляк спрабуюць адхіліць ад выбарчай кампаніі.

6 ліпеня Наталля Іллініч падала дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы для збору подпісаў для вылучэння кандыдатам у дэпутаты «палаты прадстаўнікоў». А ўжо 9 ліпеня начальнік ДАІ РАУС Пухавіцкага раёна вынес пастанову, згодна з якой Наталля Іллініч прызнана вінаватай у адміністрацыйным правапарушэнні паводле артыкула 18:23 КаАП «Парушэнне правілаў дарожнага руху пешаходам», паведамляе «Радыё Свабода».

Пры гэтым памер штрафу незвычайны: у пастанове зафіксавана, што штраф складае пяць базавых велічынь, але пры гэтым адзначана, што ў грашовым выразе Наталля Іллініч павінна заплаціць у бюджэт 1050 дэнамінаваных рублёў. Між тым, пасля дэнамінацыі сума базавай адзінкі складае 21 новы рубель - значыць, сума штрафу 105 руб, а не 1050.

«Не думаю, што дапісаўшы лішні нуль у суме штрафу, яны проста з дэнамінацыяй памыліліся. Хутчэй я бачу ў гэтай справе праяву палітычнага ціску на мяне, як на патэнцыйнага кандыдата ў дэпутаты, які будзе супрацьстаяць дзейнаму «дэпутату», які цяпер зноўку вылучаецца - гэта Валерый Гайдукевіч, былы намеснік міністра ўнутраных спраў», - распавяла Наталля Іллініч.

Акрамя таго, жанчына мяркуе, што яна ў прынцыпе не вінаватая ў дарожна-транспартным здарэнні, за якое атрымала адміністрацыйны пратакол.

«Пішуць, што я быццам бы я «пакінула жывёлу без нагляду», праз што адбылося дарожна-транспартнае здарэнне. На самай справе, мы гналі карову з маленькім цялём з поля ўтрох з суседкамі. Калі жывёла ўжо было на мастку, па нашай паласе праехаў чырвоны аўтамабіль, спыніўся і прасігналіў прама на вуха жывёле. Цялё спалохалася і выскачыла паміж намі на дарогу, а ў гэты час па другой паласе праязджаў на вялікай хуткасці другі аўтамабіль. Жывёла трапіла пад яго. Сапраўдныя віноўнікі здарэння - кіроўцы гэтых аўто. Іх начальнік ДАІ апраўдаў, а мяне пакараў. Відавочна, што гэта справа заказная для таго, каб прымусіць мяне адмовіцца ад удзелу ў палітычнай кампаніі», - мяркуе яна.

18 ліпеня Наталля Іллініч падала скаргу ў суд на пастанову ДАІ Пухавіцкага раёна.

Апошнія навіны