BE RU EN

Праз навальніцу спыняліся цягнікі, пашкоджаны газаправод

  • 13.07.2016, 9:47

Дрэвы, што падалі ў час навальніцы, перашкодзілі руху цягнікоў і пашкодзілі газаправод у Менскай вобласці.

Як паведамляе МНС, 12 ліпеня праз парывы ветру адбылося падзенне дрэў на чыгунку ў Дзяржынскім раёне на перагоне Негарэлае-Койданава-Фаніпаль.

"Рух цягнікоў выконваўся ў абодвух кірунках адной каляінай. У выніку адбылася затрымка ад 8 да 55 хвілін 12 пасажырскіх і 4 грузавых цягнікоў. А 21.43 рух чыгуначнага транспарту аднавілі", - праінфармавалі ў МНС.

Акрамя таго, напярэдадні а 19.30 паступіла паведамленне аб пашкоджанні паваленым дрэвам надземнага газаправода высокага ціску ў Дзяржынску.

Без газазабеспячэння заставаліся будынкі ПУП "МАФ", якое займаецца вытворчасцю лакафарбавых вырабаў. Тэхналагічны працэс парушаны не быў. А 20.30 газазабеспячэнне аднавілі.

Праз моцныя дажджы і град у Дзяржынску і Менскім раёне былі падтопленыя 18 прыватных падворкаў і сутарэнні двух шматпавярховых жылых дамоў. "Праца аб'ектаў жыццезабеспячэння не парушаная. Для ліквідацыі наступстваў падтапленняў прыцягваліся работнікі МНС і аварыйныя брыгады ЖКГ", - распавялі ў выратавальнай установе.

Паводле аператыўных звестак, 12 ліпеня праз праходжанне навальнічнага фронту з парывамі ветру да 20 метраў за секунду пацярпелі 15 населеных пунктаў у адзінаццаці раёнах Берасцейскай, Гомельскай, Менскай і Магілёўскай абласцях. Пашкоджаны дахі 78 жылых дамоў, трох аб'ектаў сацкультбыту, аднаго вытворчага будынка і 38 сельскагаспадарчых будынкаў.

"Пацярпелых няма. Аварыйнымі брыгадамі вядуцца аднаўленчыя работы", - адзначылі ў МНС. Зафіксаваныя таксама 111 выпадкаў падзенняў дрэў у Менскай (95 выпадкаў у Дзяржынскім раёне) і Гомельскай абласцях, пацярпелых таксама няма. Работнікі МНС і іншых арганізацый праводзілі работы распілоўвання і прыбірання паваленых дрэў.

Апошнія навіны