BE RU EN

Пасля тэракту ў аэрапорце Стамбула затрыманыя яшчэ 11 чалавек

  • 1.07.2016, 15:15

Сярод затрыманых - выхадзец з Расеі, паведамляюць турэцкія СМІ.

Праваахоўныя органы Турцыі затрымалі ў Стамбуле яшчэ 11 чалавек паводле падазрэння ў дачыненні да тэракту ў міжнародным аэрапорце імя Ататурка. Сярод затрыманых - адзін выхадзец з Расеі, паведамляюць у пятніцу, 1 ліпеня, турэцкія СМІ. Толькі напярэдадні паведамлялася, што ў Стамбуле ў рамках расследавання гэтага нападу было затрымана 13 іншых падазраваных, у тым ліку дагестанец. Паведамляецца таксама аб 87 затрыманых у Стамбуле паводле падазрэння ў дачыненні да кантрабанды зброі, паведамляе Deutche Welle.

Між тым інфарматар газэты "Коммерсант" у адной з расейскіх ісламскіх суполак Турцыі распавёў, што пасля тэракту турэцкія ўлады правялі некалькі вялікіх рэйдаў у месцах пражывання выхадцаў з Дагестана, Чачэніі ды іншых рэгіёнаў РФ. Паводле ягоных слоў, паліцыянты затрымлівалі мужчын-каўказцаў, альбо спыняючы іхнія аўтамабілі на дарогах альбо проста ў іх дома. Акрамя таго, групу расейскіх мусульман, са слоў крыніцы выдання, затрымалі ля стамбульскага аэрапорта. На ягоную думку, у выніку ў паліцыі апынулася шмат людзей, "якія ні да чаго не маюць дачынення".

Як паведамляе агенцтва dpa са спасылкай на балгарскую тэлевізію, адзін з смяротнікаў, якія падарвалі сябе ў Стамбуле, быў выхадцам з Чачэніі на імя Ахмэд Раджапавіч. Па паводле звестак СМІ, у 2011 годзе ён знаходзіўся ў балгарскай турме пасля таго, як на патрабаванне расейскіх улад быў затрыманы на балгарска-турэцкай мяжы пры спробе выехаць з Балгарыі. Аднак ён не быў перададзены Расеі, бо ў 2003 годзе атрымаў палітычны прытулак у Аўстрыі.

Між тым аўстрыйская газэта Presse паведамляе, што ўлады ў Вене супрацоўнічаюць з Турцыяй у сувязі з падазрэннямі ў тым, што арганізатарам тэракту ў стамбульскім аэрапорце, магчыма, з'яўляецца выхадзец з Чачэніі Ахмед Чатаеў, які ў 2003 годзе атрымаў палітычны прытулак у Аўстрыі.

"Мы знаходзімся ў кантакце з турэцкімі ўладамі", - заявіў у інтэрв'ю Presse прадстаўнік МУС Аўстрыі Карл Гайнц Грундбэк. Ён, аднак, падкрэсліў, што пакуль няма надзейных звестак, якія пацвярджаюць, што менавіта Чатаеў з'яўляецца арганізатарам тэракту, у выніку якога загінулі 44 чалавекі.

Выданне адзначае, што Ахмэд Чатаеў, які з'яўляецца бацькам чацвярых дзяцей, ужо даўно вядомы аўстрыйскім уладам, якія ўнеслі яго ў картатэку "замежных байцоў" - асоб, якія ўступаюць у шэрагі ісламскіх экстрэмістаў, што змагаюцца супраць сірыйскага дыктатара Башара Асада. Больш як палова гэтых байцоў, якія адправіліся з Аўстрыі ў Сірыю, з'яўляюцца выхадцамі з Чачэніі.

Паводле звестак Presse, апошні раз Чатаева бачылі ў памежным раёне паміж Сірыяй і Турцыяй. Ягонае імя ўжо згадвалася ў турэцкіх газэтах у кастрычніку 2015 года, калі пра яго казалі, як пра аднаго з магчымых арганізатараў крывавых тэрактаў у Анкары. Тады два смяротнікі ўчынілі выбух, у выніку чаго загінулі больш як 100 чалавек.

Крыніца газэты "Коммерсант" у расейскіх спецслужбах зазначае, што Ахмэд Чатаеў займае важнае месца ў герархіі тэрарыстычнай групоўкі "Ісламская дзяржава". Пры гэтым яна таксама выказала здагадку, што Чатаеў можа быць датычны да арганізацыі парыжскіх тэрактаў, ахвярамі якіх сталі 130 чалавек.

Апошнія навіны