BE RU EN

Пад Менскам збілі маці байца тактычнай групы «Беларусь»

  • 30.06.2016, 20:21

29 чэрвеня каля Менску адбыўся напад на Вольгу, маці байца тактычнай групы «Беларусь», добраахвотнікі якой ваююць на Данбасе на ўкраінскім баку.

Вольга распавяла «Радыё Свабода», што гэта здарылася, калі яна выйшла з электрацягніка на станцыі «Зялёнае» ды ішла да лецішча.

«Учора ўвечары я ішла на лецішча. Не дайшла недзе 500 мэтраў, як на мяне напаў невядомы. Я пачула ззаду чыесьці крокі, павярнулася і ўбачыла незнаёмага мужчыну, у прынцыпе, прыстойнага выгляду. Ён трымаў у руках нейкае палена. Я хацела бегчы, але тут пасыпаліся ўдары. Я крычала і спрабавала бегчы, вельмі спалохалася. Не ведаю, як здалела ўцячы. Я прыбегла ў свой дом, выклікала міліцыю, паклікала суседзяў. Прыехала міліцыя. Потым мяне павезлі ў лякарню, бо была разбітая галава, наклалі швы.

Я ўпэўненая, што міліцыя нічога не будзе шукаць, хоць прыехалі тры брыгады, бралі сведчанні. Міліцыя разводзіць рукамі, версія няясная. Рабунку не было. Можа, ён хацеў мяне проста папужаць, а можа гэта нейкая палітычная акцыя. Я не ведаю, што хацеў ад мяне той чалавек. Я наогул не ведаю, што думаць. Ці гэта проста выпадковасць, альбо гэта звязана з маім сынам, які ваюе ва Украіне, альбо з тым, што я дамагалася ад КДБ вярнуць мне мой кампутар, які яны забралі пасля ператрусу на праверку».

Вольга кажа, што паспела разгледзець незнаёмага нападніка.

«Гэты нападнік - незнаёмы мне чалавек. Ён прыстойна выглядаў, быў добра адзеты - у кашулі, штанах. Высокі, хударлявы, спартовага целаскладу, немалады. Ён свядома ішоў на гэты крок. У мяне некалькі версій. Але на адсоткаў 30 я схіляюся да таго, што мяне напалохалі з палітычных матываў. Я мусіла памерці, бо ён чатыры разы мяне выцяў па галаве. Як я выжыла, як я ўцякла - я не памятаю».

Сын Вольгі «Зубр» больш за год ваюе ва Украіне. Паводле гэтага факту супраць яго распачатая крымінальная справа паводле артыкулу «найміцтва». Да яе прыходзілі з ператрусам, падчас якога і забралі кампутар.

«Узялі маю рэч і трымаюць з 14 сакавіка. Я мяркую, што гэта незаконна. Мой сын паехаў да сяброўскага ўкраінскага народу. Маё дзявочае прозвішча ўкраінскае, мы маем украінскія карані. Ён быў на базе «Азова» інструктарам. Я не бачу ў гэтым нічога дрэннага».

Апошнія навіны