BE RU EN

Вонкавая дзяржаўная пазыка Беларусі вырасла да 13,1 мільярдаў

  • 30.06.2016, 15:51

На кожнага беларуса прыпадае па 1400 даляраў запазычанасці рэжыму.

Вонкавая дзяржаўная пазыка Беларусі сёлета павялічылася на 5,1%, або на 637,8 млн даляраў. На 1 чэрвеня яна складала 13,1 млрд даляраў, паведамляе прэс-служба Міністэрства фінансаў.

Адзначаецца, што за першыя пяць месяцаў 2016 года было прыцягнута вонкавых дзяржаўных займаў на 855,8 млн даляраў. Больш за ўсё было атрымана ад Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця - $500 млн.

На выплату вонкавай дзяржаўнай пазыкі ў студзені-траўні спатрэбілася 302,1 млн даляраў. З іх Еўразійскаму фонду стабілізацыі і развіцця - больш за 88 млн даляраў, ураду Расеі - $125 мільёнаў, кітайскім банкам - амаль 68 млн даляраў.

Унутраная дзяржаўная пазыка на 1 чэрвеня 2016 года складае 94 трлн. З пачатку года яна зменшылася на 3,5 трлн рублёў (з улікам курсавых розніц), або на 3,6%. Дзяржаўная пазыка Беларусі на 1 чэрвеня складала 352,9 трлн. У параўнанні з пачаткам года яна павялічылася на 24,3 трлн (на 7,4%).

Апошнія навіны