BE RU EN

Веласіпедыст, які ўдарыў пешахода, распавёў следству, што зрабіў з бітай

  • 30.06.2016, 9:37

Веласіпедыст, які ўдарыў бітай фатографа Васіля Дземідовіча за тое, што той ішоў па веладарожцы, знаходзіцца пад вартай.

Раней да адказнасці ён не прыцягваўся. Стала вядома, што ён індывідуальны прадпрымальнік. З яго слоў, пасля канфлікту біту ён распілаваў і выкінуў.

Гэта фота пацярпеламу даслалі відавочцы таго, што адбылося. На ім бачны чалавек з бітай, які ідзе да ровара, і пешаход, які ляжыць на траве (злева), піша tut.by.

Мужчына затрыманы паводле артыкула «Асабліва злоснае хуліганства». Гучыць ён так: «Дзеянні [...] учыненыя з прымяненнем зброі, іншых прадметаў, якія выкарыстоўваюцца ў якасці зброі для прычынення цялесных пашкоджанняў [...]».

- Сама па сабе біта - гэта спартыўны інвентар. Нават калі вы не спартовец, несці з сабой па вуліцы біту не забаронена, - тлумачыць Аляксей Клімовіч, афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта горада Менска. - Не трэба быць футбалістам, каб гуляць у футбол. Але калі біту выкарыстоўвалі пры ўчыненні хуліганскіх дзеянняў, як адбылося ў выпадку з веласіпедыстам і пешаходам, то яна будзе расцэньвацца ўжо як зброя.

Тое, што канфлікт веласіпедыст вырашаў з дапамогай біты, з'яўляецца абцяжваючай акалічнасцю.

- Але справа тут не менавіта ў біце. Такім самым «прадметам, выкарыстаным у якасці зброі для нанясення цялесных пашкоджанняў» з'яўлялася б, напрыклад, і палка, - удакладняе Аляксей Клімовіч.

Цяпер веласіпедысту пагражае ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Нагадаем, менскі фатограф Васіль Дземідовіч распавёў: 19 чэрвеня ўвечары на вачах у мінакоў на веладарожцы ў яго ўрэзаўся веласіпедыст. Што адбылося далей, пешаход усвядоміў не адразу. У нейкі момант заўважыў: веласіпедыст, які ўпаў, падняўся і бяжыць за ім, размахваючы кулакамі. А потым дастаў біту і ўдарыў фатографа па галаве. З месца аварыі пацярпелага павезла хуткая. Яму наклалі швы на лбе. У маладога чалавека дыягнаставалі ЧМТ і шпіталізавалі.

Апошнія навіны