BE RU EN

Актывісты патрабуюць добраўпарадкаваць Тучынскі сквер

  • 29.06.2016, 15:05

Цяпер сквер нагадвае хутчэй зону адчужэння, чым зону адпачынку.

Грамадскае аб'яднанне «Альтэрнатыва» (зарэгістраваная ў Латвіі) рыхтуе калектыўны зварот у Менгарвыканкам з просьбай правесці рамонт і добраўпарадкаванне Тучынскага скверу.

Сквер, размешчаны ў межах вуліц Харкаўскай - Берута - Верашчагіна, за апошнія дзесяцігоддзі ператварыўся ў закінутую мясцовасць. Размешчаныя на яе тэрыторыі разнастайныя архітэктурныя дзіцячыя фігуры і атракцыёны, пешаходныя дарожкі - у аварыйным стане, разбураны фантан, а сам вадаём мае патрэбу ў комплекснай ачыстцы. Таксама ў парку не засталося лавак, смеццевых бакаў, функцыянуе толькі некалькі ліхтароў, піша novychas.by.

Побач са скверам знаходзіцца закансерваваны аб'ект - былы кінатэатр «Сучаснік», які перабудоўваюць у культурна-забаўляльны цэнтр. Аднак, будаўнічыя працы тут спыніліся летась - узвядзенне аб'екта прыпынена і ўсе надзеі мясцовых жыхароў на пераўтварэнне парку зніклі.

«Такія абставіны ператвараюць сквер у нейкую зону адчужэння, упадабанае месца сустрэч асацыяльных элементаў грамадства. Відавочна, такая карціна псуе імідж чыстага горада. Чаму мясцовыя ўлады спрабуюць не заўважаць гэтую праблему, абмяжоўваючыся абяцаннямі вось-вось разабрацца, навесці хоць бы экалагічны парадак, прыцягнуць да працы заказчыка будаўніцтва культурна-забаўляльнага цэнтра. Але час усё ідзе, і гэта «вось-вось» не наступае. Таму наша арганізацыя наважыла найбліжэйшым часам праявіць актыўнасць з мэтай паспрабаваць падштурхнуць гарадскія ўлады да вырашэння гэтай праблемы», - каментуе ідэю акцыі лідар «Альтэрнатывы» Алег Корбан.

Актывісты арганізацыі плануюць цягам ліпеня-жніўня 2016 года сабраць у падтрымку гэтага звароту подпісы мясцовых жыхароў, а таксама наведаць чыноўнікаў і кіраўніцтва камунальных службаў, каб дадаткова акцэнтаваць іх увагу на важнасць добраўпарадкавання сквера. Акрамя гэтага, будзе створана электронная петыцыя, дзе кожны мянчук зможа падтрымаць ідэю сваім подпісам.

Апошнія навіны