BE RU EN

Відавочцы распавялі падрабязнасці тэракту ў аэрапорце Стамбула

  • 29.06.2016, 10:34

Адзін з тэрарыстаў падарваў сябе на паркоўцы ля будынка аэрапорта, двое іншых - у міжнародным тэрмінале.

Са словаў супрацоўніка аэрапорта Атацюрк, якога цытуе NBC News, ён бачыў траіх тэрарыстаў-смяротнікаў у аэрапорце (пераклад - РБК). Іншы сведка распавёў выданню, што першы выбух пачуў на стаянцы, дзе адзін з тэрарыстаў спачатку адкрыў агонь з АК-47, а затым падарваў сябе. Паводле ягоных слоў, у гэты момант на стаянку выбеглі супрацоўнікі службы бяспекі.

У той жа момант яшчэ адзін зламыснік падарваў сябе ў зоне прылёту міжнародных рэйсаў, а трэці падышоў да інфармацыйнай стойкі ў тэрмінале. Яго заўважылі паліцыянты і пачалі крычаць: «Смяротнік!» Яны спрабавалі спыніць тэрарыста, але не змаглі, і прагрымеў яшчэ адзін выбух, распавёў суразмоўца NBC News.

Яшчэ адзін сведка, турыст з Паўднёвай Афрыкі Пол Рос, распавёў, што бачыў у аэрапорце тэрарыста. Яны з жонкай збіраліся ляцець дадому, калі ў аэрапорце адбыліся выбухі. «Там быў хлопец, які блукаў коламі, ён быў апрануты ў чорнае, і ў ягоных руках быў пісталет», - распавёў Рос.

На кадрах, якія выклаў у Instagram відавочца, відаць, як людзі хаваюцца ў краме ўнутры аэрапорта.

Апошнія навіны