BE RU EN

У Беларусі звольнілі на 70 тысяч работнікаў больш, чым прынялі

  • 27.06.2016, 16:40

Нават афіцыйная статыстыка паказвае на нездаровы перакос на рынку працы.

За першыя пяць месяцаў 2016 года прадпрыемствы звольнілі амаль 277 тысяч работнікаў, прынялі - блізу 207 тысяч чалавек - пра гэта сведчаць звесткі афіцыйнай статыстыкі, паведамляе БелаПАН.

У траўні суб'екты гаспадарання прынялі на працу 43 тысячы чалавек, звольнілі - амаль 62,5 тысячы супрацоўнікаў.

Суадносіны прынятых і звольненых работнікаў паводле вынікаў пяці месяцаў склалі 74,8%, у тым ліку ў траўні - 68,9%.

Найбольшыя скарачэнні супрацоўнікаў за студзень-травень зафіксаваныя ў прамысловасці і будаўніцтве - тут колькасць звольненых работнікаў перавысіла колькасць прынятых на 25 тысяч і 13,8 тысяч работнікаў адпаведна.

Пры гэтым варта адзначыць, што разам са скарачэннем кадраў прадпрыемствы пераводзілі сваіх супрацоўнікаў на няпоўны працоўны тыдзень. Так, паводле афіцыйнай статыстыкі, у студзені-траўні ў Беларусі на няпоўны працоўны час было пераведзена 123,4 тысячы работнікаў, у тым ліку ў траўзні ў рэжыме няпоўнай занятасці працавалі 52,5 тысячы чалавек.

Паводле звестак на 1 чэрвеня, узровень афіцыйнага беспрацоўя ў краіне склаў 1,1%. Пры гэтым беларускія эканамісты адзіныя ў меркаванні, што гэты паказчык не адлюстроўвае рэальныя маштабы беспрацоўя ў краіне, бо праз нізкі памер дапамогі (блізу 13 даляраў ЗША за месяц) шмат беспрацоўных афіцыйна не рэгіструюцца.

У траўні Міністэрства працы і сацыяльнай абароны планавала ўнесці ў найбліжэйшы час ва ўрад праект дзяржаўнай пастановы аб дыферэнцыяваным павышэнні дапамогі ў беспрацоўі.

Згодна з умовамі атрымання Беларуссю еўразійскага крэдыту, ужо да 1 верасня 2016 года ў краіне павінен быць прыняты «пакет нарматыўных актаў, якія забяспечваюць належную абарону работнікаў, што пераходзяць у разрад беспрацоўных».

У рамках новай крэдытнай праграмы з Еўразійскім фондам стабілізацыі і развіцця, падпісанай у сакавіку 2016 года, Беларусь узяла на сябе абавязанні скарачаць дзяржпадтрымку прадпрыемствам, якая надаецца ў форме дырэктыўных крэдытаў. На думку экспэртаў еўразійскага фонду, пераход дзяржпрадпрыемстваў Беларусі «на камерцыйныя рэйкі прывядзе да аптымізацыі іх выдаткаў і рэсурсаў, уключаючы працоўныя, што павысіць узровень беспрацоўя ў краіне».

Апошнія навіны