BE RU EN

Генеральны сакратар Еўрапейскай народнай партыі сустрэнецца з лідарамі апазіцыі ў Менску

  • 27.06.2016, 16:19

На сустрэчы будуць абмяркоўвацца варункі, у якіх праходзіць «парламенцкая кампанія» ў Беларусі.

29-30 чэрвеня Беларусь наведае генеральны сакратар Еўрапейскай народнай партыі (ЕНП), выканаўчы сакратар Інтэрнацыяналу дэмакратаў-цэнтрыстаў Антоніё Лопес-Істурыс.

Візіт адбудзецца на запрашэнне беларускай правацэнтрысцкай кааліцыі. Як паведамляе прэс-служба Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП), 30 чэрвеня Антоніё Лопес-Істурыс сустрэнецца з лідарамі васьмі палітычных арганізацый Беларусі. На сустрэчы будуць абмяркоўвацца сітуацыя і варункі, у якіх праходзіць «парламенцкая кампанія» ў Беларусі.

У той жа дзень Антоніё Лопес-Істурыс возьме ўдзел у канферэнцыі «Кансерватыўныя каштоўнасці ў сучаснай палітыцы». Удзельнікамі мерапрыемства стануць спікеры, патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты ад правацэнтрысцкай кааліцыі.

Генеральны сакратар ЕНП таксама плануе сустрэцца з прадстаўнікамі ўлады, дыпламатычнага корпуса і праваабарончых арганізацый.

«Антоніё Лопес-Істурыс, Еўрапейская народная партыя - гэта партнёры і сябры не толькі правацэнтрысцкай кааліцыі, але і ўсіх прыхільнікаў пераменаў і Беларусі, -заявіў старшыня АГП Анатоль Лябедзька. - ЕНП робіць дакладнае і зразумелае пасланне: Беларусь і яе грамадзяне вартыя лепшага, краіне патрэбныя перамены, а грамадзянам - права выбару. Дзверы ў Еўропу - гэта сумленныя свабодныя выбары паводле стандартаў АБСЕ».

У правацэнтрысцкую кааліцыю акрамя АГП уваходзяць рух «За Свабоду» і аргкамітэт для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».

Апошнія навіны