BE RU EN

Міліцыя разагнала дзіцячае свята ў Магілёве

  • 27.06.2016, 13:21

Дзеці, якія малявалі крэйдай на пешаходнай вуліцы горада, сталі ўдзельнікамі «грубага парушэння правапарадку».

Відэа, дзе беларуская міліцыя чарговым разам дэманструе варварскае стаўленне да людзей, апублікаванае на канале YouTube.

Як вынікае з відэа, кавярня «Рэспубліка», якая знаходзіцца на цэнтральнай пешаходнай вуліцы Магілёва, у суботу, 25 чэрвеня, арганізавала дзіцячае свята. Для малых на вуліцы зладзілі арт-пляцоўку, дзе тыя малявалі крэйдай, а работнікі кавярні частавалі іх какава. У гэты ж час праводзіўся збор грошай і цацак для аднаго з дзіцячых дамоў, над якім кавярня ўзяла шэфства.

Усё прадаўжалася роўна да таго моманту, як да кавярні падышлі людзі з мясцовай міліцыі. З іх прэтэнзій вынікала, што дзеці «занадта гучна» паводзяць сябе і тым самым «парушаюць грамадскі парадак».

Бармэн кавярні паспрабаваў разабрацца, які менавіта пункт закона парушылі дзеці і работнікі ўстановы. Таму што згодна са здаровым сэнсам, дзіцячыя гульні на цэнтральнай пешаходнай вуліцы горада ў суботні дзень не ўпісваюцца ні ў якія артыкулы Адміністрацыйнага кодэкса правапарушэнняў. Міліцыянты на гэта зразумелага адказу так і не далі. Свае пасведчанні паказваць яны адмовіліся. У гэты час да кавярні пад'ехалі яшчэ некалькі людзей у форме.

У выніку 20-хвіліннай разборкі бармэна, закаваўшы ў кайданкі, павезлі ў пастарунак для «далейшых разбораў».

Сайт charter97.org здолеў датэлефанавацца да Уладзіміра Елісеева - аднаго з міліцыянтаў, які ўдзельнічаў у затрыманні. Паводле ягоных слоў, бармэн ледзь не сам накінуўся на патруль міліцыі.

- Усё было не так, як на відэа паказана, - адразу пайшоў у наступ міліцыянт. - Не было там ніякага свята, проста шумелі дзеці. Мы падышлі, а працаўнік кавярні адразу на нас накінуўся, маўляў, пакажыце дакументы, хто вы такія. Наогул пра гэта лепш не пісаць - хутка будзе вялікае разбіральніцтва.

Апошнія навіны