BE RU EN

Па рацэ Мухавец пачаў курсіраваць «дракар вікінгаў»

  • 26.06.2016, 10:19

Прэзентацыя гістарычнага туру «Бурштынавы шлях» адбылася 25 чэрвеня ў Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці.

Мерапрыемства арганізавала агратурыстычная супольнасць «Муховэцька кумора». Свята было прымеркаванае да паспяховай рэгістрацыі маламернага судна «Слейпнір», якое ўмяшчае да 15 чалавек. Турыстычная імітацыя дракара – карабля вікінгаў – шчасліва прайшла ўсе выпрабаванні і тэсты. Судну прысвоена IV катэгорыя 7-га разраду, гэта значыць, тэарэтычна, на ім нават можна выходзіць у мора, але толькі на некалькі кіламетраў ад берагу, паведамляе «Еўрарадыё».

Знаходзіцца карабель на тэрыторыі аграсядзібы «На Зарэчнай вуліцы». Гаспадар аграсядзібы Сяргей Палікарпук, які на прэзентацыі «дракара» выступіў таксама ў якасці ягонага стырніка, апавёў прысутным пра назву судна.

Палікарпук: «Назву “Слейпнір” падказалі нам нашыя хлопцы з рэканструктарскага клуба. Паводле легенды, гэта – васьміногі конь Одына, вярхоўнага скандынаўскага бога. “Слейпнір” перакладаецца як “лёгкі, хуткі”... Назва прыйшла сама сабой, бо нашае судна мае восем вёслаў».

Каб паглыбіць прысутных у атмасферу Сярэднявечча, на прэзентацыі выступілі хлопцы з клубаў вайскова-гістарычнай рэканструкцыі.

Гістарычныя туры будуць адбывацца на выходных. Плаванне на «дракары», якое доўжыцца 1 – 1,5 гадзіны, уключае экскурсійную праграму пры дапамозе радыёгіда. У якасці весляроў выступаюць рэканструктары з клубаў «Жалезны жолуд» і «Перунова кола». Усё як у раннім Сярэднявеччы перыяду IX – XI стагоддзя.

«Бурштынавы шлях» – гэта частка шляху «З варагаў у грэкі». Якраз праз раку Мухавец купцы вазілі бурштын з Балтыкі да Чорнага мора.

Апошнія навіны