BE RU EN

Бізнэсмэны Нямеччыны і Францыі: Еўразвяз павінен перайсці ў наступ

  • 26.06.2016, 8:47

Нягледзячы на Brexit, Еўропа павінна зноў здабыць веру ў сябе і правесці рэформы.

Прадстаўнікі буйных прамысловых і бізнэс-аб'яднанняў Нямеччыны і Францыі заклікалі еўрапейскія краіны да большай згуртаванасці, каб паменшыць "турбуленцыю", выкліканую пастановай Вялікай Брытаніі выйсці з ЕЗ.

Іхнюю сумесную заяву апублікавала французскае штотыднёвае выданне Le Journal du dimanche у нядзелю, 26 чэрвеня, перадае DW.

"Еўропа павінна зноўку аб'яднацца, зноў здабыць веру ў сябе і перайсці ў наступ", – гаворыцца ў заяве, падпісанай прэзідэнтам Федэральнага аб'яднання нямецкай прамысловасці (BDI) Ульрыхам Грыла, кіраўніком Федэральнага аб'яднання звязаў нямецкіх працадаўцаў (BDA) Інга Крамерам і прэзідэнтам Асацыяцыі прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Францыі (MEDEF) П'ерам Гатасам.

Brexit увёў ЕЗ "у зону турбулентнасці", але франка-германскі матор еўрапейскага праекту "больш чым калі-небудзь патрэбен для таго, каб аднавіць ягоную моц". Лідарам Нямеччыны і Францыі варта "з усёй годнасцю ўспомніць пра сваю прыхільнасць да еўрапейскіх каштоўнасцяў", імкнучыся да павышэння еўрапейскага супрацоўніцтва ў знешнепалітычнай сферы і ў галіне бяспекі, асабліва ў барацьбе з тэрарызмам.

Неабходныя неадкладныя рэформы ў галіне кіравання еўразонай, а таксама ўнутры краінаў, каб умацаваць эканоміку, зрабіўшы яе больш канкурэнтаздольнай "дзеля захавання нашай сацыяльнай мадэлі". Перамовы пра выхад Вялікай Брытаніі з ЕЗ варта весці, спадзеючыся на "новыя шляхі для кааперацыі", але ўлічваючы, што фінансавы цэнтр Еўропы можа цяпер перамясціцца з Лондана на кантынент, падкрэсліваецца ў заяве кіраўнікоў BDI, BDA і MEDEF.

Апошнія навіны