BE RU EN

Дыктатар прапанаваў «Уралкалію» аб'ядноўвацца «на ягоных умовах»

  • 23.06.2016, 14:29

Паводле слоў Лукашэнкі, акцыянеры «Уралкалію» просяць яго аб гэтым кожны дзень.

Беларусь гатовая да альянсу з «Уралкаліем», аднак на сваіх умовах, заявіў Лукашэнка, выступаючы на ўсебеларускім народным сходзе ў чацвер у Менску, паведамляе «Інтэрфакс».

«Цяпер амаль кожны месяц да мяне звяртаюцца з боку новых акцыянераў «Уралкалію»: прыміце нас, прыміце. Я кажу: будуць прапановы - гатовы з вамі сустракацца», - сказаў Лукашэнка.

«Сёння яны гатовыя з намі аб'ядноўвацца. Мы не супраць - яднайцеся, але на нашых умовах», - прадоўжыў дыктатар.

«Калі ласка - давайце адновім працу. Давайце дамовімся, колькі будзеце вырабляць вы, колькі будзем вырабляць мы. Падзелім рынкі і не будзем спаборнічаць адзін з адным», - сказаў Лукашэнка.

У прэс-службе «УралХіму», кіраўніка акцыянера «Уралкалію», «Інтэрфаксу» паведамілі, што «стасункі і дзелавыя кантакты з беларускім кіраўніцтвам і кіраўнікамі «Беларуськалію» мы не спынялі ў апошнія гады, і яны праходзяць па меры ўзнікнення неабходнасці ад кожнай з бакоў».

Нагадаем, «Уралкалій» апынуўся ў цэнтры міжнароднага скандалу пасля таго, як генеральны дырэктар кампаніі Уладзіслаў Баўмгертнер быў затрыманы ў менскім аэрапорце 26 жніўня 2013 года пасля сустрэчы з тагачасным прэм'ер-міністрам Беларусі Міхаілам Мясніковічам. Баўмгертнеру было выстаўленае абвінавачванне ў злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі ў рамках крымінальнай справы аб дзейнасці Беларускай калійнай кампаніі.

Месяцам раней, 30 ліпеня, «Уралкалій» абвясціў аб спыненні экспартных продажаў праз Беларускую калійную кампанію.

Апошнія навіны