BE RU EN

У Менску на Mitsubishi ўпала дрэва вышынёй з чатырохпавярховы дом

  • 17.06.2016, 12:05

Раней жыхары звярталіся ў мясцовы ЖЭС з просьбай ссекчы гэтае дрэва, але камунальнікі гэта праігнаравалі.

У Менску лета, але надвор'е нестабільнае. Перыядычна горад аточваюць хмары, можна трапіць і пад лівень, а шквалісты вецер ламае дрэвы. Учора вялікая таполя ўпала ў двары дома на вуліцы Каліноўскага. Мясцовыя кажуць, што дрэва даўно падгніло. На шчасце, людзей побач не было, дасталася толькі прыпаркаванаму аўтамабілю Mitsubishi, паведамляе onliner.by.

- Здарылася ўсё сёння паміж дамамі №31 і №33 на вуліцы Каліноўскага. Дзесьці а 14:30 я стаяў на балконе, і раптам рэзкі парыў ветру паваліў таполю вышынёй з чатырохпавярховы дом, - распавёў карыстальнік форуму з нікам 5300. - Дрэва павалілася проста на мой прыпаркаваны аўтамабіль.

На Mitsubishi ўпаў не ствол дрэва з яго значнай вагай, а самаходу дасталася толькі верхавінай таполі. Аднак пашкоджанні былі вельмі істотныя.

- Пярэдняя шыба - пад замену, задняя шыба - пад замену, правая частка ўся ў драпінах і ўвагнутасцях. Я выклікаў міліцыю, напісаў заяву, - дадаў аўтаўладальнік.

Паводле ягоных слоў, жыхары звярталіся ў мясцовы ЖЭС з пісьмовай заявай з просьбай ссекчы гэтае дрэва, бо ўнізе яно згніло. Цяпер уладальнік Mitsubishi паспрабуе атрымаць нейкую кампенсацыю за пабіты самаход.

Апошнія навіны