BE RU EN

«Ён быў ураўнаважаным чалавекам і адным з найлепшых выкладчыкаў БНТУ»

  • 1.06.2016, 15:50

Сталі вядомыя падрабязнасці гібелі намесніка дэкана аўтатрактарнага факультэта БНТУ.

Савецкі (г. Менска) раённы аддзел Следчага камітэта прадаўжае правяраць абставіны смерці намесніка дэкана аўтатрактарнага факультэта БНТУ.

Учора выкладчыка знайшлі павешаным у адной з аўдыторый.

Паводле ўдакладненых звестак, інцыдэнт адбыўся напярэдадні а пятай гадзіне вечара.

На гэты час у намесніка дэкана была запланаваная сустрэча са студэнтамі. Яны прыйшлі - святло ў прызначанай аўдыторыі гарэла, але дзверы былі замкнутыя. Калі высветлілася, што выкладчык знаходзіцца ва ўніверсітэце і, больш за тое, браў ключ ад кабінета, яго пачалі шукаць.

Супрацоўнікі факультэта адкрылі аўдыторыю і знайшлі свайго калегу павешаным.

- Следчымі праведзены агляд месца здарэння. Да гэтага былі прыцягнутыя спецыялісты Дзяржкамітэта судовых экспэртыз і міліцыі. Устаноўлена, што дзверы ў аўдыторыю былі зачыненыя знутры. Папярэдне фактаў супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да загінулага ўстаноўлена не было. Таму асноўная версія цяпер - суіцыд, - патлумачыла tut.by афіцыйная прадстаўніца СК Юлія Ганчарова.

Праверка абставінаў смерці прадаўжаецца. Цяпер следчыя вывучаюць магчымыя прычыны і перадумовы здарэння і апытваюць калегаў, студэнтаў і блізкіх загінулага.

- Ён быў добрым спецыялістам і за сваю працу неаднаразова прэміяваны з боку рэктарата. Яго паважалі і выкладчыкі, і студэнты, - кажуць калегі загінулага. - І як чалавек ён быў ураўнаважаным. Нейкіх перадумоў да таго, што здарылася, мы не бачылі.

Версію пра тое, што 66-гадовы выкладчык скончыў жыццё самагубствам праз непадаўжэнне кантракту, на факультэце не пацвярджаюць. Працоўная дамова ў намесніка дэкана заканчвалася толькі ў красавіку 2017 года.

Станоўча пра свайго выкладчыка адгукаюцца і студэнты.

- На маю думку, ён быў адным з найлепшых выкладчыкаў аўтатрактарнага факультэта БНТУ: спагадным, які ўсё разумеў, і паблажлівым. Калі нешта па прадмеце было незразумела, ён заўсёды мог растлумачыць складаныя моманты, падзяліцца досведам, - кажа студэнт АТФ Назыр. - Нават не ведаю, што магло падштурхнуць яго да гэтага.

- Гэта быў вельмі адэкватны выкладчык. Нічога дрэннага ніколі за ім не заўважаў. І ніякіх дзіўных паводзін таксама, - распавядае студэнт Міхаіл. - Ён у нас дыплом курыраваў. І апошнія два дні ён не браў слухаўку.

Многія студэнты кажуць, што прыйдуць развітацца са сваім выкладчыкам.

Апошнія навіны