BE RU EN

Баранавіцкія суддзі не ведаюць беларускай мовы

  • 5.05.2016, 17:15

Cуд над актывістамі перанеслі, бо суддзі спатрэбіўся перакладчык з роднай мовы.

Актывістаў Уладзіміра Гундара і Юрыя Казакевіча з Баранавічаў судзяць за парушэнне закона «Аб масавых мерапрыемствах». За тое, што 25 сакавіка актывісты выйшлі ў цэнтр Баранавічаў з бел-чырвона-белым плакатам з надпісам аб 98-й гадавіне абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама з плакатам салідарнасці з Украінай са словамі «Разам - да лепшай долі», піша intex-press.by.

- Я патрабаваў у суддзі, каб яна звярталася да мяне па-беларуску. Яна спытала: «Вам перакладчык трэба?». Я адказаў: «Не». Яна адклала суд да 13 траўня ў сувязі з тым, што будзе шукаць перакладчыка, - распавёў Уладзімір Гундар.

Паводле ягоных слоў, гэта сведчыць аб тым, што дзяржаўны чыноўнік не ведае роднай мовы. Але, згодна з Канстытуцыяй, ён абавязаны ведаць дзве дзяржаўныя мовы.

- Гэта ганьба - вось так ставіцца да роднай мовы, - мяркуе Уладзімір Гундар.

Актывіст кажа, што на суд не прыйшлі сведкі - два міліцыянты. Яны спаслаліся на тое, што занятыя на працы. Але, паводле слоў Уладзіміра Гундара, асноўнай прычынай пераносу суда стала ўсё-такі адсутнасць перакладчыка.

Наступны суд над актывістамі прызначаны на 13 траўня.

Апошнія навіны