BE RU EN

Літва ўручыла ноту амбасадару Беларусі

  • 5.05.2016, 14:08

МЗС Літвы патрабуе тлумачэнняў аб аварыі на будоўлі Астравецкай АЭС.

Міністэрства замежных спраў Літвы выклікала пасла Беларусі і ўручыла яму ноту аб магчымым інцыдэнце на размешчанай у 50 км ад Вільні Астравецкай атамнай электрастанцыі (ААЭС).

Пра гэта паведаміў у чацвер кіраўнік замежнапалітычнага міністэрства Лінас Лінкявічус.

«Мы адразу ж, як толькі атрымалі гэтую інфармацыю з нефармальных крыніц, сталі ўжываць захады, а сёння ў міністэрства быў выкліканы пасол Беларусі, якому была ўручаная нота з патрабаваннем тлумачэнняў гэтага інцыдэнту або аварыі», - заявіў журналістам міністр.

Раней беларускі тэлеканал «Белсат» паведаміў, што на Астравецкай атамнай электрастанцыі (ААЭС), якая будуецца непадалёк ад мяжы з Літвой, у сярэдзіне красавіка абрынулася частка апорнай канструкцыі будучага будынка кантролю ядзернай бяспекі. Пра гэта паведаміў працаўнік адной з арганізацый горада Пінска, якія ўдзельнічаюць у будаўніцтве ААЭС

Паводле ягоных слоў, гэта не першы інцыдэнт, але адказнасць за іх пакуль ні на кога не ўскладзеная. Прадстаўнікі ААЭС гэтую інфармацыю назвалі «поўнай лухтой». Амбасада Беларусі ў Вільні BNS паведаміла, што не валодае ніякай інфармацыяй пра такі інцыдэнт, але даслала спасылку на паведамленні ў беларускіх СМІ, у якіх прыводзяцца словы прадстаўніка электрастанцыі.

Апошнія навіны