BE RU EN

Кватэры ў Менску: стань у чаргу - пабудуй кватэру праз 173 гады

  • 4.05.2016, 17:23

Спецыялісты прапануюць адмовіцца ад чэргаў на кватэры.

Цяпер у Менску ў чарзе на жыллё знаходзіцца блізу 214 тысяч сем'яў. Чарга павольна памяншаецца. Напрыклад, у 2010 годзе ў чарзе стаялі 282 тысячы сем'яў, піша kp.by.

Паводле звестак Белстата, летась палепшылі свае жыллёвыя ўмовы ў Беларусі 3,6 тысячы сем'яў. Але сярод іх не толькі тыя, хто стаіць у чарзе, але і тыя, хто пабудаваўся за свой кошт без усялякай дапамогі. Ёсць тут і шматдзетныя сем'і, якія ідуць асобнай чаргой. Што тычыцца чаргавікоў, то ў 2015-м ім было выдзелена 828 кватэр. Тут і ЖБВК, і долевае будаўніцтва, і дзяржзаказ. Яшчэ 406 сем'яў пасяліліся ў арэндных кватэрах - мяркуй, набылі дах над галавой (хай і за штомесячную плату), але страцілі месца ў чарзе.

27 гадоў у чарзе на кватэру

Трэба сказаць, што і саму чаргу «падчысцілі» - выключылі з яе тых, хто ўжо не падпадае пад вызначэнне чаргавіка. Напрыклад, калі раней чаргавікамі ўважалі тых, хто мае менш за 15 кв. метраў на чалавека, то цяпер нарматыў для сталіцы - 10 квадратаў. Таксама выключылі тых, хто самастойна раней пабудаваўся, у каго зменшылася колькасць сямейнікаў і метраў стала хапаць. А яшчэ раней, каб патрапіць у сталічную чаргу, трэба было быць зарэгістраваным у Менску не менш за 5 гадоў, а цяпер 10 гадоў.

Летась 1234 сям'і палепшылі свае жыллёвыя ўмовы. І калі ў гэтым годзе тэмп выдачы жылля бедным будзе ранейшы, то астатні ў чарзе стане першым праз...173 гады.

Як распавялі ў Менгарвыканкаме, у Менску штогод будуецца больш за адзін мільён квадратных метраў жылля. Апошнім часам на будаўніцтва жылля накіроўваліся чаргавікі, якія стаяць з 1988 - 1989 гадоў. То бок, людзі адстаялі дзеля запаветных квадратных метраў 27 гадоў.

«Калі ўсім даць даступны крэдыт, будзе чарга ў банках»

- Чаргу можна і ліквідаваць, але калі толькі зрабіць крэдыты для ўсіх ахвотных пад 5% гадавых. Бо асноўная маса стаіць там з дзвюх прычын: кошт квадратнага метра ніжэйшы і крэдытаванне пад меншы адсотак, - распавядае старшыня савета Беларускай асацыяцыi «Нерухомасць» Мікалай Прасталупаў. І прапануе варыянт: - дайце забудоўшчыку зарабіць 50% і дайце людзям даступны крэдыт. І ніхто стаяць у чарзе не будзе. Праўда, выбудуецца іншая чарга - у банкі. І калі адразу даць магчымасць такую, то ўсе 214 тысяч чалавек, што маюць патрэбу ў Менску ў жыллі, пабягуць па крэдыты. Ніякіх грошай у краіне не хопіць. Думаю, будзе патрэбная нейкая іншая чарга.

- Значыць, ад самога паняцця «чарга» мы нікуды не падзенемся?

- Трэба рабіць, як ва ўсім свеце: сыходзіць на паняцце даступнасці крэдытаў. Трэба нейкія новыя механізмы прыдумаць. Гэта ж толькі ў чарзе стаіць 214 тысяч чалавек. А колькі тых, каму трэба жыллё, але яны не занялі чаргу. Жыллёвая праблема вельмі вострая, вядома. Трэба неяк абараніць грамадзян: зрабіць умераныя кошты будаўніцтва і даць даступны крэдыт.

«Калі будзем плаціць 100% камунальных паслуг, чаргі не будзе»

- У беларусаў сацыяльная патрэба ў жыллі апярэджвае эканамічную, - упэўнены беларускі эканаміст Леанід Заіка. - Па-першае, людзі пакуль яшчэ не ведаюць, колькі рэальна будзе абыходзіцца ўтрыманне кватэры. Па-другое, мы назіраем эфект галоднага чалавека. Усе ідуць у чаргу. Дарэчы, чарга сама па сабе можа заставацца толькі для валацугаў, для інвалідаў.

- А для шматдзетных?

- Шматдзетных, я думаю, трэба без чаргі забяспечваць жыллём. Нарадзіўся пятае дзіця - адразу кватэру! Нарадзілася чацвёртае дзіця - праз тыдзень даваць, трэцяе - праз месяц. І ўсё будзе нармальна, усе будуць нараджаць. Усё ж такі пачынаючы з распаду СССР чарга вырасла. Гэта сведчыць аб тым, што сама сістэма не рацыянальная. Мы вось цяпер спынім кагосьці на вуліцы і спытаем: Вася Пупкін, табе патрэбная пяціпакаёвая кватэра? І ён скажа: вядома, давай мне 5-пакаёвую кватэру. Спынім якога-небудзь немца і задамо яму гэтае ж пытанне. Ён скажа: дык вы што, хлопцы, звар'яцелі, ці што? Я ж ніколі не змагу яе аплачваць. Ёсць такі эфект сацыялістычнага міфа, што трэба будаваць пабольш кватэр. Уласна, у Расеі маленькія кватэркі каштуюць дзесьці 12 - 15 тысяч даляраў. Такія трэба будаваць, яны будуць самыя папулярныя. Як толькі квартплата падымецца да ўзроўню 25% ад заробку - гэта 70 даляраў, 1,5 мільёна - тады людзі пачнуць рацыяналізаваць. У мяне вось суседзі - адзінокія мужчыны, жанчыны, бабулі - жывуць у трохпакаёвых кватэрах. Гэта нерацыянальна. Гэта значыць, адбудзецца такое ўтрасанне. І мы заўважым, што чаргі наогул не будзе.

Апошнія навіны