BE RU EN

Хакей: Названы найлепшы гулец і трэнер Беларусі

  • 31.05.2016, 18:33

Выканкам нацыянальнай федэрацыі хакея Беларусі зацвердзіў кандыдатуры найлепшага гульца і найлепшага трэнера краіны паводле вынікц сезона-2015/16.

Пра гэта charter97.org паведамілі ў прэс-службе ФХБ.

Найлепшым гульцом Беларусі мінулага сезону прызнаны Андрэй Стась. Найлепшым трэнерам сезону названы настаўнік хакейнага клуба «Юнацтва-Мінск» Міхаіл Захараў.

У мінулым сезоне Андрэй Стась выступаў за ніжнекамскі «Нафтахімік», у 47 матчах рэгулярнага чэмпіянату КХЛ зарабіўшы 13 (5 + 8) бамбардзірскіх балаў пры паказчыку карыснасці «-2». У 3 паядынках Кубка Гагарына на рахунку Андрэя балаў няма, піша tut.by.

Значна лепшы для Андрэя Стася, асабліва на фоне бледнага выступу каманды Беларусі, атрымаўся чэмпіянат свету-2016 у Расеі. У 7 матчах у Санкт-Пецярбургу ён закінуў столькі ж шайбаў (5), колькі ў 50 паядынках КХЛ і Кубка Гагарына. У актыве Стася на першынстве планеты 5 (5 + 0) бамбардзірскіх балаў пры паказчыку карыснасці «+2».

Больш балаў у камандзе Беларусі на ЧС-2016 набралі толькі Андрэй Сцяпанаў - 6 (2 + 4) і Шарль Лінгле - 6 (1 + 5).

Акрамя таго, пасля таго як траўму атрымаў Аляксей Калюжны, які пакінуў Санкт-Пецярбург з загіпсаванай нагой, на Андрэя Стася былі ўскладзеныя капітанскія функцыі - у матчах з Вугоршчынай (2:5) і Францыяй (3:0).

Пасля хваравітай паразы ад вугорцаў раззлаваны Андрэй Стась к мікст-зоне аблаяў журналіста. На наступны дзень хакеіст выбачыўся, а Міжнародная асацыяцыя спартыўнай прэсы з ініцыятывы аднаго расейскага і аднаго беларускага журналістаў напісала скаргу на гульца ў Міжнародную федэрацыю хакея. На прэс-канферэнцыі «Слядамі ЧС-2016» у Менску старшыня Федэрацыі хакея Беларусі Ігар Рачкоўскі ўстаў на абарону хакеіста і назваў казлом журналіста, які накрэмзаў скаргу на гульца.

Гол Андрэя Стася ў браму каманды Фінляндыі быў прызнаны найлепшым на групавым этапе ЧС-2016. У стартавым двубоі на турніры Андрэй вызначыўся ў меншасці. Атрымаў перадачу ад Аляксандра Паўлавіча, ён выбег адзін на адзін з Міка Каскіненам і ў падзенні накіраваў шайбу ў браму.

Што да вызначэння найлепшага хакеіста сезона, які штогод вызначаецца газетай «Прессбол» у выніку апытання спецыялістаў і журналістаў, то яно яшчэ не праведзенае.

Лаўрэатамі журналісцкіх апытанняў станавіліся Міхаіл Захараў (1990, праведзены газетай «Фізкультурнік Беларусі»), Аляксандр Шумідуб (1991, пачынаючы з гэтага года апытанні праводзіў «Прессбол»), Уладзімір Цыплакоў (1992-м, 2000, 2002) Эдуард Занкавец (1993), Андрэй Скабелка (1994 , 1997), Васіль Панкоў (1995), Аляксандр Андрыеўскі (1996), Андрэй Мезін (1998, 1999, 2005, 2006), Дзмітрый Старасценка (2001), Руслан Салей (2003, 2004), Алег Антаненка (2007) , Андрэй Касціцын (2008), Міхаіл Грабоўскі (2009, 2011, 2013, 2014), Віталь Коваль (2012), Аляксей Калюжны (2015).

Найлепшым трэнерам Беларусі нацыянальная федэрацыя назвала настаўніка хакейнага клуба «Юнацтва-Мінск» Міхаіла Захарава.

Ён 7-м разам прывёў каманду да годнасці чэмпіёна краіны і з'яўляецца самым тытулаваным трэнерам беларускай экстралігі.

Апошнія навіны