Жыхары трох дамоў у Гародні плацілі за тэхабслугоўванне няісных ліфтаў
- 30.05.2016, 20:44
У кошт паслуг таксама ўключалася карыстанне дамафонам, тады як ён у некаторых дамах не быў усталяваны.
У Гародні жыхары трох дамоў заплацілі за тэхнічнае абслугоўванне няісных ліфтаў, на гэты момант праведзены пераразлік і кампенсаваныя выдаткі грамадзян. Гэтыя звесткі агучаныя сёння на калегіі Камітэта дзяржаўнага кантролю Гарадзенскай вобласці, перадае БелТА.
На калегіі разгледзелі пытанні абгрунтаванасці і правільнасці ўжывання арганізацыямі ЖКГ вобласці тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі насельніцтву ў 2015-м і 2016 годзе, а таксама выканання задач зніжэння сабекошту паслуг. Праверка Камітэта дзяржкантролю выявіла, што ЖКГ рэгіёну дапускала шматлікія памылкі пры налічэнні насельніцтву, у тым ліку ў паведамленні аб аплаце ўключаўся кошт паслуг, фактычна не выкананых.
Напрыклад, за некаторыя ЖКП людзі заплацілі двойчы, а ў Гародні жыхарам трох дамоў, не абсталяваных ліфтамі, налічылі плату за "тэхнічнае абслугоўванне ліфта" і электраэнэргію на яго працу. Прычым жыхары здолелі "паслугу" аплаціць. У кошт паслуг таксама ўключалася карыстанне дамафонам, тады як ён у некаторых дамах не быў усталяваны. У Ваўкавыску выяўлены факты аплаты насельніцтвам за паслугі водазабеспячэння і каналізацыі за люты паводле тарыфу, які ўвайшоў у дзеянне пазней.
Найбольшая колькасць выкрытых фактаў неабгрунтаванага налічэнні тарыфаў за студзень. Прадпрыемствамі ЖКГ вобласці ў студзені было неабгрунтавана налічана Br5,5 млрд, што выяўлена пры правядзенні пераразлікаў у сакавіку.
"На гэты момант памылкі выпраўленыя, і патрэбныя сумы за студзень сплачаныя насельніцтву ў поўнай суме", - растлумачыў начальнік управы ЖКГ Гарадзенскага аблвыканкама Алег Шафранскі.
Камітэт дзяржкантролю выставіў прэтэнзіі да ўправы ЖКГ з нагоды недастатковай каардынацыі дзейнасці прадпрыемстваў ЖКГ, асабліва для ўрэгулявання тарыфаў на паслугі. У выніку тарыфы арганізацый ЖКГ у розных раёнах вобласці значна адрозніваліся. Паводле вынікаў праверак Камітэта дзяржкантролю ў сферы ЖКГ вобласці за 2015 год і першы квартал 2016 года выяўлена завышэнняў сабекошту жыллёва-камунальных паслуг на Br7,9 млрд. Службовыя асобы прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці, распачата 4 крымінальныя справы.