BE RU EN

Менскі суд разгледзіць скаргу Аляксандра Лапіцкага

  • 30.05.2016, 14:04

Інваліда другой групы абвінавачваюць у паклёпе на Лукашэнку і адпраўляюць на прымусовае лячэнне.

Як стала вядома праваабаронцам, прыватную скаргу на пастанову суда Фрунзенскага раёна аб прызнанні вінаватым у абразе прадстаўнікоў улады і накіраванні Аляксандра Лапіцкага на прымусовае лячэнне разгледзіць 3 чэрвеня Менскі гарадскі суд, паведамляе ПЦ "Вясна".

Калі пастановай суда скарга 80-гадовага пенсіянера не будзе задаволеная, то вынесеная раней пастанова ўвойдзе ў законнае дзеянне, і Аляксандра Лапіцкага адправяць у псіхіятрычную лякарню.

Нагадаем, што ў 2011 годзе пенсіянер Аляксандр Лапіцкі пачаў адсочваць разбіральніцтва з нагоды выбуху ў мінскім метро. У сваім блогу ён дэталёва распісваў, што, на ягоную думку, у трагедыі вінаватыя высокія службовыя асобы. Міліцыя неаднаразова адмаўляла ў распачынанні крымінальнай справы на пенсіянера, аднак у гэтым годзе справа дайшла да суда.

12 красавіка суд Фрунзенскага раёна Менска вызваліў 79-гадовага жыхара сталіцы Аляксандра Лапіцкага ад крымінальнай адказнасці паводле артыкулаў 391, 369, 368 Крымінальнага кодэкса ( "Абраза суддзі або народных засядацеляў", "Абраза прадстаўніка ўлады", "Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь") у сувязі з тым, што злачынства было ўчыненае грамадзянінам ў стане неадэкватнасці.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" ўжо выступіў з заявай, у якой патрабуе спыніць пераслед Аляксандра Лапіцкага і перагледзець заканадаўства аб паклёпе на дзяржаўных асоб. Праваабаронцы не выключаюць, што арганізацыя "Міжнародная амністыя" прызнае Аляксандра Лапіцкага палітвязнем.

Апошнія навіны