BE RU EN

У эканамічных судах ужо не хапае «рук»

  • 3.05.2016, 17:30

Частку суддзяў агульнай юрысдыкцыі прапануецца перавесці ў эканамічныя суды.

Пра гэта падчас справаздачы Аляксандру Лукашэнку 3 траўня паведаміў старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала, паведамляе БелаПАН.

Гаворка на сустрэчы ішла «аб змене дыслакацыі штатнай колькасці суддзяў за кошт унутраных рэзерваў судовай сістэмы». «Было дакладзена, што нагрузка ў эканамічных судах значна ўзрасла і стала большай, чым у судах агульнай юрысдыкцыі. У сувязі з гэтым прапануецца частку суддзяў агульнай юрысдыкцыі перавесці ў эканамічныя суды», - гаворыцца ў паведамленні.

Паколькі гэта пытанне знаходзіцца ў кампетэнцыі Лукашэнкі, дыктатар даручыў падрыхтаваць адпаведны нарматыўны акт.

Акрамя таго, падчас дакладу разглядалася пытанне будаўніцтва новага будынка Вярхоўнага суда, яго фінансавання і падрыхтоўкі праектна-каштарыснай дакументацыі «з пункту гледжання мінімізацыі выдаткаў на праект і ўзвядзенне будынка». Як паведамлялася раней, новы комплекс Вярхоўнага суда плануецца пабудаваць у Менску на вуліцы Арлоўскай, недалёка ад Палаца Незалежнасці.

На сустрэчы таксама абмяркоўвалася тэма якасці папярэдняга расследавання некаторых канкрэтных крымінальных спраў, якія знаходзяцца на кантролі Лукашэнкі.

Апошнія навіны