BE RU EN

Слонімцы патрабуюць справаздачы ад «дэпутата», якая абяцала не павышаць пенсійны ўзрост

  • 3.05.2016, 15:28

Аўтары звароту нагадалі «дэпутату», што яна не выканала перадвыбарчыя абяцанні, дадзеныя ёй напярэдадні «выбараў» у 2012 годзе.

Слонімскія актывісты БХД накіравалі пісьмовы зварот «дэпутату палаты прадстаўнікоў» ад Слонімскай выбарчай акругі №58 Але Сопікавай з просьбай даць справаздачу аб сваёй дзейнасці, паведамляе сайт bchd.info.

Справа ў тым, што ў гэтым годзе заканчваюцца паўнамоцтвы «дэпутатаў палаты прадстаўнікоў» 5 склікання. У адпаведнасці з артыкулам 26 Закона ад 4 лістапада 1998 года, «дэпутат» адказны перад выбаршчыкамі і ім падсправаздачны.

«Дэпутат» абавязаны перыядычна, але не радзей за адзін раз на год рабіць справаздачу перад выбаршчыкамі акругі пра сваю працу, ход выканання перадвыбарнай праграмы, працы «палаты прадстаўнікоў» і тых яе органаў, у склад якіх ён выбраны або ўваходзiць згодна са службай.

Аўтары звароту нагадваюць «дэпутату», што падчас выбарчай кампаніі ў 2012 годзе яна абяцала выбаршчыкам працаваць над удасканаленнем пенсійнай сістэмы і не павышаць пенсійны ўзрост; забяспечыць эканамічна актыўнаму насельніцтву працоўныя месцы і годную аплату працы; дамагацца распрацоўкі заканадаўчай базы для зніжэння падатковай нагрузкі на прамысловыя прадпрыемствы, малы і сярэдні бізнэс; надаваць падтрымку малому бізнэсу ў сферы вытворчасці тавараў, работ і паслуг.

Слонімцы просяць Алу Сопікаву правесці сустрэчу з выбаршчыкамі, на якой зрабіць падрабязную справаздачу аб кожным пункце перадвыбарных абяцанняў і аб іншай дзейнасці за перыяд «дэпутацкіх» паўнамоцтваў, а таксама адказаць на іншыя пытанні.

Апошнія навіны