BE RU EN

Чым супрацоўнік міліцыі, які напаў на чалавека, лепшы ад валацугі?

  • 3.05.2016, 11:03

Цяперашнія жыхары Беларусі, паводле логікі міліцыі, не павінны бачыць тых, хто нагадвае пра сапраўдны стан спраў у "крышталёвым сасудзе стабільнасці".

Свае разважанні аб паводзінах беларускіх міліцыянтаў у дачыненні да людзей без пэўнага месца жыхарства апублікаваў у сваім часопісе блогер Максім Міровіч:

- Днямі я шпацыраваў у цэнтры Менска і стаў сведкам наступнай сцэны - патрульны нарад міліцыі вёў пад рукі немаладога чалавека, адзетага ў ненадта чыстую вопратку. Затым нарад перадаў чалавека ў рукі міліцэйскага экіпажа, які пад'ехаў на аўто. Міліцыянты хутка запоўнілі нейкія паперы (мабыць, пратакол затрымання) і сталі саджаць затрыманага чалавека ў самаход.

Я падышоў і пацікавіўся, што, уласна, адбываецца. Высветлілася, што затрыманы чалавек не зрабіў ніякага злачынства, нічога не скраў, нікога не ўдарыў - проста людзі такога валацужнага выгляду не вельмі пажаданыя мінакі ў цэнтры горада - гэта ў нас уважаецца за "парушэнне грамадскага парадку". Са слоў патрульнага, затрыманага мінака даставяць у пастарунак Цэнтральнага РУУС Менска, там складуць пратакол і выпішуць штраф.

А ўчора адбыўся і зусім абуральны выпадак, які атрымалася зняць Алісе Нгуен. Доблесная міліцыя на падставе таго, што "валацугам нельга знаходзіцца на тэрыторыі метрапалітэна" пабіла чалавека і ягонага сабаку. Агрэсіўных паводзін чалавек не выяўляў. Звярніце ўвагу, як надзімаецца супрацоўнік міліцыі, як малпа расстаўляючы рукі ў бакі і атрымліваючы асалоду ад улады над іншым чалавекам.

У канцы відэа да збітага з ног ад міліцэйскай падножкі чалавеку падышла жанчына і дапамагла яму падняцца, а затым вывела з пераходу.

Гэта што ж такое атрымліваецца? Што ёсць "роўныя, якія раўнейшыя за іншых?". А як жа Канстытуцыя, роўнасць усіх перад законам, вось гэта ўсё? Чаму мінак, апрануты крыху горш, за астатніх, не мае права знаходзіцца ў тым ці іншым месцы? Чым супрацоўнік міліцыі, які напаў на чалавека, лепшы за валацугу? Тым, што ў яго ёсць 300$ заробку за месяц, паўкабана ў лядоўні ды іпатэчная двухпакаёўка ў панэльным мурашніку на Каменнай горцы? Валацуга не зрабіў ніякага злачынства, ні на каго не напаў, ён нават не прасіў грошай. У мінулым гэта мог быць, напрыклад, лекар, які выратаваў мноства жыццяў ці нават вось такі ж міліцыянт, цяпер пацярпелы ад свайго ж калегі.

Мне чамусьці ўспомнілася сталінская Масква, адкуль вывозілі усіх калек і інвалідаў вайны - бязногія, бязрукія, бязвокія, яны ездзілі па горадзе на драўляных вазках, адштурхваючыся ад зямлі драўлянымі кульбамі і, мабыць, вельмі псавалі "ідэальнае аблічча горада-пераможцы". Сталін даўно здох, але справа яго далей жыве - савецкія грамадзяне не павінны былі бачыць тых, хто нагадвае ім праўду аб страшнай вайне, а цяперашнія жыхары Беларусі, мабыць, не павінны бачыць тых, хто нагадвае пра сапраўдны стан спраў у "крышталёвым сасудзе стабільнасці" . Затое прыезджыя расейцы змогуць потым з гонарам пісаць у сваіх блогах аб "чыстым і прыгожым, заўсёды шчаслівым і сонечным Менску, сталіцы нашай брацкай Беларусі".

І яшчэ мне ўспомніўся вельмі страшны фільм часоў перабудовы - "Плюмбум ці небяспечная гульня". Там быў створаны цэлы спецатрад з "добраахвотных памочнікаў міліцыі", якім паляванне за людзьмі прыносіла задавальненне. У трыццатыя гады яны б з радасцю заняліся расстрэламі і допытамі "ворагаў народа", але на дварэ быў іншы час, і яны адлоўлівалі "непажаданых элементаў", гэта значыць валацуг. Акторам цудоўна атрымалася перадаць той гончы бляск у вачах тых, хто любіць паляваць на чалавека.

Іроніяй лёсу, фільм быў зняты ў Менску.

Апошнія навіны