BE RU EN

У Расеі спадзяюцца, што кошты на нафту будуць падаць толькі да канца 2017 года

  • 29.05.2016, 17:38

Да канца гэтага перыяду магчымае яшчэ адно падзенне коштаў на «чорнае золата».

На думку кіраўніка Мінэнэрга РФ Аляксандра Новака, да канца 2017 года адбудзецца заканчэнне цыклу нізкіх коштаў на нафту і аднаўленне рынку. Аднак да гэтага магчымае новае падзенне коштаў, мяркуе міністр, хоць гэты перыяд і будзе кароткатэрміновым, піша РБК.

«Шчыра кажучы, я не выключаю кароткатэрміновы адскок назад, але ў цэлым тэндэнцыя будзе крыху вышэйшай», – сказаў ён. «Адскок не выключаю, таму што чыннікі, якія рэзка паўплывалі на цяперашні рост кошту – гэта надзвычайныя сітуацыі ў шэрагу краінаў. Гэта і пажары ў Канадзе, надзвычайныя сітуацыі ў Лівіі і Нігерыі, забастоўка ў Кувейце», – растлумачыў Новак.

На ягоную думку, «аднаўленне балансу попыту і прапановы на рынку нафты пачалося, і да канца 2017 года мы ўбачым заканчэнне цыклу [нізкіх коштаў] і аднаўленне рынку». Новак мяркуе, што пасля 2017 года кошт вернецца ў дыяпазон $ 60 – 65 за бараль.

Як удакладніў Новак, рост здабычы сланцавай нафты можа адбыцца толькі да канца 2016 года. Асноўная прычына падзення здабычы, на ягоную думку, – гэта недахоп фінансавых рэсурсаў і недавер інвестараў да перспектыў галіны.

«Паводле нашых ацэнак, здабыча нават пры цяперашнім кошце на нафту будзе зніжацца, і свайго мінімуму яна дасягне дзесьці ў ліпені – жніўні, яшчэ прыкладна на 700 тыс. бараляў знізіцца здабыча ў ЗША. Гэта нягледзячы на тое, што кошт аднавіўся да ўзроўню, дастатковага для прадаўжэння здабычы», – сказаў ён.

«Але асноўны чыннік – гэта адсутнасць фінансавых рэсурсаў і недавер інвестараў да таго, каб працягваць укладваць. Думаю, што пытанні фінансавання будуць развязаныя, пазыкі рэструктураваныя. Чакаем, што пачынаючы з другога паўгоддзя 2016 года да канца года сланцавая нафта зноў пачне пры такіх коштах рост здабычы», – адзначыў міністр.

Кіраўнік Мінэнэрга таксама растлумачыў, што ў цяперашніх цэнавых умовах ідэя замарозкі здабычы нафты страціла сваю актуальнасць. «На сёння, паколькі мы бачым, што кошты на нафту адскочылі і адскочылі даволі высока ў параўнанні з пачаткам года, то гэтая тэма з замарозкай пакуль страціла сваю актуальнасць. Паглядзім, як далей будзе развівацца сітуацыя», – сказаў ён.

Мінімальны за апошнія некалькі гадоў кошт на нафту маркі Brent быў зафіксаваны ў студзені 2016 года. Тады за бараль Brent на біржы давалі $ 27,10. 26 траўня кошт на нафту маркі Brent перавысіў адзнаку $ 50 за бараль упершыню з лістапада 2015 года. Да гэтага Goldman Sachs апублікаваў аналітычны даклад, згодна з якім дэфіцыт на рынку нафты наступіць ужо ў другой палове 2016 года. Аналітыкі банка тады звярнулі ўвагу на зніжэнне вытворчасці нафты праз перабоі з пастаўкамі, да якіх у ліку іншага прывялі лясныя пажары ў Канадзе і атакі баевікоў у Нігерыі, дзе здабываецца больш за ўсё нафты ў Афрыцы.

У пятніцу, 27 траўня, гандаль у Лондане зачыніўся на адзнацы $ 48,95 за бараль нафты маркі Brent. Кошты на нафту ў асноўным трымаліся вышэй за адзнаку $ 100 за бараль з лютага 2011 да верасня 2014 года, пасля чаго рушыў перыяд іх зніжэння.

Апошнія навіны