Сэзон беларускіх трускалак распачаты
- 26.05.2016, 21:39
У трускалкавай сталіцы Беларусі - вёсцы Дварэц - можна паласавацца першымі трускалкамі.
За літровы слоічак чырванабокіх ягад просяць 50 000 рублёў. Трускалкамі гандлюе адзін чалавек, але з размовы даведваемся, што яшчэ адзін ужо паспеў спрадаць, піша «Медыя-Палессе».
Пакуль трускалак няшмат. Як распавялі тутэйшыя жыхары, якія гандлююць на Дварэцкім скрыжаванні, ягады прадаюць ужо другі дзень.
У прадавачцы пазнаем чалавека, які гандляваў першымі трускалкамі і летась. Жанчына прызнаецца, што запамагае ранні сорт. Які менавіта - не выдае.
- Дзеці, жанчыны цяжарныя купляюць і тыя, хто па трасе праязджае, - дзеліцца падрабязнасцямі гандлю прадавачка. Шмат хто, з ейных слоў, пакуль проста падыходзіць і таргуе.
Пенсіянерка Кацярына Іванаўна сабрала першыя ягады і выправілася з імі на дварэцкае скрыжаванне
Пакуль трускалак няшмат, але літровыя слоічкі з чырвонымі ягадамі прымушаюць спыніцца шмат каго з шофераў. Адзін з іх - аўто з менскімі нумарамі - падыходзіць і пытае аб кошце. Разглядаючы ягады, мужчына спрабуе патаргавацца. Але на першых трускалках рабіць гэта марна, ахвотных купіць салодкія ягады шмат. Як раз у гэты час спыняецца яшчэ адно аўто, кіроўца таксама падыходзіць, пытаецца пра кошт, але купляць не важыцца. А вось першы пакупнік з'язджае дадому з лунінецкімі трускалкамі.
Аднак ягаднікі кажуць, што масава ягады пачнуць спець не раней, чым праз тыдзень, калі надвор'е будзе спрыяльнае.
Летась і залетась трускалкавы сэзон стартаваў з 30 000 за літровы слоік ягад.
Вось-вось у Дварэц з'едуцца першыя скупшчыкі, і трускалкавы мурашнік зноў завіруе...