BE RU EN

Медыкі просяць берагчы манеты ад дзяцей пасля дэнамінацыі

  • 26.05.2016, 18:40

Лекары чакаюць рост дзіцячага траўматызму праз увядзенне манет.

Нагадаем, дэнамінацыя будзе праводзіцца з 1 ліпеня 2016 года. Банкноты ўзору 2000 году, якія знаходзяцца абарачэнні, будуць замененыя на банкноты і манеты узору 2009 года ў прапорцыі 10 000: 1.

Як паведаміла на прэс-канферэнцыі 26 траўня загадчыца лабараторыі РНПЦ «Маці і дзіця» Таццяна Гнядзько, гэтым летам бацькі павінны звярнуць асаблівую ўвагу на ўвядзенне ў абарачэнне манет, пішуць «Беларускія навіны».

«У нас пакуль няма звычкі іх назапашваць і класці ў нейкім месцы. Дзяцей яны, несумненна, будуць вабіць. Таму, безумоўна, росту траўматызму, звязанага з манетамі, як іншароднымі целамі, варта чакаць», - адзначыла яна.

Спецыялістка таксама звярнула ўвагу, што патэнцыйна небяспечнымі для маленькіх дзяцей летам з'яўляюцца незачыненыя студні, натуральныя і штучныя вадаёмы, надзіманыя басейны, цацкі з батарэйкамі.

Гнядзько прызнала, што мерапрыемствы для прафілактыкі гібелі малалетніх пакуль недастаткова эфектыўныя. «І тут зразумела, што бяспека дзяцей ранняга ўзросту - гэта найперш справа бацькоў», - канстатавала спецыялістка.

Як паведаміў намеснік дырэктара РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Леанід Ломаць, статыстыка апошніх пяці гадоў кажа аб зніжэнні гібелі дзяцей ад траўмаў. Так, калі ў 2011 годзе ад вонкавых прычын загінулі 262 дзіцяці, то ў 2015-м - 159. «Істотны зрух ёсць», - адзначыў спецыяліст.

Са слоў намесніка дырэктара РНПЦ, назіраецца зніжэнне выпадкаў гібелі: у ДТЗ у 2011-м загінула 65 дзяцей, 2015 годзе - 20, патанула - 44 і 31 адпаведна. «На жаль, на пажарах гіне яшчэ шмат дзяцей, у мінулым годзе - 11. Гінуць дзеці і пры падзеннях: 15 - у 2011-м і 16 - у 2015-м», - адзначыў Ломаць.

Ён таксама паведаміў, што ўзровень дзіцячага траўматызму за апошнія пяць гадоў не мяняецца і складае больш за 140 тысяч выпадкаў на год. З гэтай колькасці больш за 60% складаюць траўмы канцавін (з іх 29% - пераломы), 15% - траўмы галавы і шыі. Па-ранейшаму, згодна са словамі медыка, не зніжаецца колькасць хімічных і тэрмічных апёкаў - 200-250 выпадкаў на 100 тысяч дзяцей». «Трохі знізілася колькасць атручэнняў хімічнымі рэчывамі і медыкаментамі, але застаецца высокім узровень атручванняў алкаголем. У 2014-м было 6,4 выпадку на 100 тысяч дзяцей, у 2015-м - 5,9», - сказаў Ломаць.

Пры гэтым спецыяліст прызнаў, што рэзерв для зніжэння дзіцячага траўматызму і гібелі ад вонкавых умоў існуе: «Калі мы будзем працаваць з прафілактыкай, інфармаваць бацькоў і вучыць дзяцей. Вельмі добра, што ў школы вяртаюцца ўрокі асноў бяспекі жыццядзейнасці».

Апошнія навіны