BE RU EN

Чыноўнікі праігнаравалі «Марафон Не-залежнасці»

  • 26.05.2016, 14:51

Беларускія чыноўнікі адмовіліся ад удзелу ў акцыі, прысвечанай барацьбе са шкоднымі звычкамі.

Першы ў гісторыі Беларусі медыйны «Марафон Не-залежнасці» стартаваў 26 мая ў Менску апоўдні. Акцыя прысвечаная праблеме згубных залежнасцяў і прадоўжыцца суткі без перапынку.

Як паведаміла БелаПАН адна з арганізатарак марафону, старшыня грамадскага аб'яднання «Звяно» Таццяна Яворская, яна асабіста звязвалася з прадстаўнікамі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, аднак спецыялісты, вывучыўшы запыт, адказалі, што гэта не іх праблема і сказаць ім на форуме няма чаго. Не ўдалося пераканаць і прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі, і дэпутатаў «парламента», якія адказваюць за пытанні адукацыі і аховы здароўя, - Святлану Шылаву і Дзмітрыя Шаўцова.

З чыноўнікаў свой удзел у акцыі пацвердзілі толькі прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных спраў.

Тым часам грамадскія арганізацыі падрыхтавалі шэраг прапаноў, якія, на іх думку, могуць змяніць сітуацыю з алкагалізацыяй і наркатызацыяй у краіне. Яны, прынамсі, прапануюць абмежаваць доступ да алкаголю ў крамах у начны час і ўвесці альтэрнатывы пакаранню за дзеянні, учыненыя ў сувязі з залежнасцямі. Адкрыты зварот арганізатары марафону плануюць накіраваць паводле ягоных вынікаў у Савет міністраў.

Апошнія навіны