BE RU EN

Намесніца дырэктара магілёўскага мясакамбіната пад выглядам дэгустацыі крала каўбасу

  • 26.05.2016, 14:29

Усяго атрымалася «прадэгуставаць» каўбасных вырабаў на суму 1,4 мільярда рублёў.

Следчай управай УСК Магілёўскай вобласці скончанае расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да выконваючай абавязкі намесніцы дырэктара ААТ «Магілёўскі мясакамбінат».

Падчас расследавання крымінальнай справы следчымі выяўлена, што абвінавачаная, выконваючы абавязкі намесніцы дырэктара, выкарыстоўваючы свае службовыя паўнамоцтвы, у перыяд са студзеня 2012 да красавіка 2015 гг з мэтай правядзення дэгустацыі каўбаснай прадукцыі вывозіла яе за межы прадпрыемства і выкрадала.

«Следствам сабрана дастаткова довадаў злачыннай дзейнасці абвінавачванай, у выніку якой прычыненая шкода прадпрыемству на суму больш за 1,4 мільярда рублёў. Следствам забяспечаная поўная кампенсацыя шкоды. Накладзены арышт на маёмасць абвінавачванай на суму больш за адзін мільярд рублёў», - распавяла афіцыйная прадстаўніца УСК Магілёўскай вобласці Аксана Саленюк.

Да матэрыялаў крымінальнай справы далучаныя акты праверак, а таксама неабходныя фінансавыя дакументы.

«Усебакова вывучыўшы абставіны ўчынення супрацьпраўных дзеянняў, следчыя ўнеслі прадстаўленне аб ліквідацыі прычын і ўмоў, якія садзейнічалі ўчыненню карупцыйнага злачынства», - паведаміла Аксана Саленюк. - «З улікам гэтых абставін службовай асобе выстаўленае канчатковае абвінавачанне паводле ч.4 арт.210 (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, учынены ў асабліва значнай суме) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь».

Мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту, ужытая ў дачыненні да абвінавачванай з пачатку папярэдняга следства, не змянялася.

Крымінальная справа перададзеная пракурору для накіравання ў суд.

Апошнія навіны