BE RU EN

Скандынаўскія журналісты збіраюць грошы для рэпрэсаваных беларускіх калег

  • 26.05.2016, 11:39

Замежныя журналісты захацелі выказаць салідарнасць не толькі на словах, але і практычнымі крокамі.

Падчас семінара журналістаў-фрылансераў з Нарвегіі, Даніі, Швецыі і Фінляндыі (Nordic Freelance Seminar), які адбыўся ў Лілехамеры (Нарвегія), быў абвешчаны краўдфандзінг у зборы сродкаў беларускім фрылансерам, якіх улады пераследуюць і забараняюць працаваць, паведамляе сайт Беларускай асацыяцыі журналістаў.

«Рабочыя ўмовы для журналістаў-фрылансераў у Беларусі надзвычай цяжкія, - гаворыцца ў звароце ініцыятараў краўдфандзінгу да скандынаўскіх фрылансераў. - Улады рознымі спосабамі вымушаюць замаўчаць незалежныя галасы. Адна з мер, якую яны выкарыстоўваюць, - штрафы, каб прымусіць журналістаў не рабіць матэрыялаў. Штрафы бываюць удвая большыя за сярэдні заробак у Беларусі. Удзельнікі семінара фрылансераў з Паўночных краін 2016 года хочуць паменшыць цяжар для аштрафаваных журналістаў у Беларусі і праявіць салідарнасць з калегамі, якіх пераследуюць».

Прапанова ініцыятараў краўдфандзінга скандынаўскія калегі сустрэлі з энтузіязмам. Падчас семінара сабралі 240 еўраў. Збор сродкаў працягнецца да 1 ліпеня. Інфармацыю пра збор сродкаў будуць публікаваць на сайце Нарвежскага саюза журналістаў, а грошы можна будзе перавесці на рахунак Фонду салідарнасці саюза журналістаў.

«Хочацца выказваць салідарнасць не толькі на словах, але і практычнымі крокамі, - кажа ініцыятар краўдфандзінга, член Нарвежскага саюза журналістаў Сігурд Орвік. - Асабіста я цягам сваёй доўгай журналісцкай кар'еры часта браў удзел у акцыях салідарнасці. Дапамагаў журналістам Чылі падчас рэжыму Піначэта, журналістам Палестыны і Сірыі».

Падчас семінара запрошаныя журналісты з Беларусі, Емена і Палестыны маглі распавесці пра сітуацыю з фрылансерамі і агулам пра свабоду слова ў сваіх краінах.

Апошнія навіны