BE RU EN

Чыноўнікі будуць лячыцца ў супербальніцы

  • 26.05.2016, 9:53

Усе грамадзяне Беларусі роўныя, але некаторыя - раўней і маюць права на лепшае медыцынскае абслугоўванне.

Па суседстве з рэзідэнцыяй Лукашэнкі «Дразды» з'яўляецца новая бальніца для высокага чынавенства - у сасновым бары, на беразе вадасховішча. Указ аб новых спецаб'ектах Лукашэнка падпісаў два гады таму, паведамляе «Белсат».

У пасёлку Ждановічы пад Менскам праз паўтара года павінна з'явіцца бальніца для чыноўнікаў. Яе прыкладны кошт паводле дакументаў блізу €100 млн.

Адна бальніца для чынавенства ў Менску ўжо ёсць, у народзе яе называюць Лечкамісіяй, і размяшчаецца яна ў самым цэнтры сталіцы, на скрыжаванні вуліц Энгельса і Чырвонаармейскай. Пасля пераезду стары будынак аддадуць гораду, а ў новым плануюць стварыць цэлы віп-блок з асобнымі ўваходамі, сваімі кухнямі і пакоямі для аховы.

«Я мяркую, што лішніх грошай у нашай дзяржаве асабліва няма, таму марнаваць іх на парады і пераносы таго, што і без таго добра працуе - лішняе», - кажа мянчанка.

У той жа час медустаноў для простых беларусаў не стае, і не толькі ў сталіцы. Так, будаўніцтва паліклінікі ў новым віцебскім мікрараёне Білева павінна было пачацца яшчэ год таму, але мясцовыя чыноўнікі толькі разводзяць рукамі: маўляў, няма грошай, а раённую бальніцу ў Міёрах будуюць ужо 25 гадоў.

«Гэтая ўстанова - прадмет неабавязковай раскошы і, можа быць, нават дэманстратыўнай раскошы. Задача - паказаць беларускаму народу, што вы будзеце працаваць на нас, будзеце араць, як коні, а мы будзем адпачываць, мы будзем лячыцца, і нічога вы з гэтым не зробіце», - адзначае Павел Севярынец, партыя Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя.

Цяпер на пляцоўцы дзесяткі будаўнічых фургонаў, актыўна вядуцца работы. Здаць новую лекарскую камісію плануюць зімой 2017 года.

Апошнія навіны