BE RU EN

Літоўскі суд павялічыў тэрмін беларускаму шпіёну

  • 24.05.2016, 16:39

Суд павялічыў тэрмін Рамуальду Ліпскаму да пяці гадоў.

Апеляцыйны суд Літвы (АСЛ) у аўторак зрабіў больш жорсткім (да пяці гадоў) тэрмін турэмнага зняволення за шпіянаж на карысць Беларусі былому супрацоўніку дзяржпрадпрыемства Oro navigacija Рамуальду Ліпскаму, паведамляе delfi.lt.

Пакаранне ў прысудзе Віленскага акруговага суда, якім Ліпскі быў прыгавораны да трох гадоў і трох месяцаў пазбаўлення волі, змененае на пяць гадоў пазбаўлення волі.

Гэты прысуд яшчэ можа быць абскарджаны ў Вярхоўным судзе Літвы. Генпракуратура прасіла прысудзіць Ліпскага да васьмі гадоў пазбаўлення волі, асуджаны дамагаўся апраўдання.

Апеляцыйны суд дапоўніў абвінавачванні абставінамі, якія раней адхіліў Віленскі акруговы суд. Быў прадоўжаны тэрмін дзеяння злачыннай дзейнасці, былі пададзеныя довады аб сустрэчах віленца і ягоных пагадненнях з супрацоўнікам беларускай выведкі Сяргеем Курыленкам.

Таксама пры змене прысуду было ўлічана, што было ўчыненае злачынства супраць незалежнасці і канстытуцыйнага ладу дзяржавы.

Нагадаем, Ліпскага абвінавачвалі ў тым, што ён у сваім кабінеце ў Oro navigacija ўпотай фатаграфаваў дакументы, якія знаходзіліся там, і перадаваў гэтую інфармацыю супрацоўніку беларускай выведкі. За шпіянаж на карысць Беларусі ў Вільні таксама быў асуджаны і былы парамедык літоўскага войска Андрэй Ашуркаў. Ягоны прысуд ужо ўвайшоў у законнае дзеянне, бо не быў абскарджаны.

Апошнія навіны