BE RU EN

Для малога бізнэсу ўрад распрацуе «глабальны план»

  • 24.05.2016, 9:31

Які шлях развіцця пакажуць прадпрымальнікам чыноўнікі?

Міністэрства эканомікі мае намер распрацаваць Стратэгію развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва на перыяд да 2030 года.

Яе мэтай стане «стварэнне спрыяльных умоў фармавання і функцыянавання прадпрымальніцкага асяроддзя», піша Заўтра тваёй краіны.

Ужо зацверджаны склад рабочай групы, якую ўзначаліць намесніца міністра эканомікі Ірына Касцевіч.

А ці патрэбна беларускаму малому і сярэдняму бізнэсу стратэгія, альбо для яго важней развязанне надзённых праблем?

Маргелаў: Малыя прадпрыемствы дапамогуць падняць беларускую эканоміку

- Калі вы збіраеце на машыну, то не кажыце, што гэта дрэнная ідэя, толькі таму, што за год не зможаце яе ажыццявіць, - адзначае сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў.

- Ніхто не збіраецца пісаць нейкую дэталёвую стратэгію да 2030 года. Але намеціць пэўныя мэты: куды мы імкнёмся, безумоўна, неабходна.

На думку суразмоўцы, галоўнае, каб намечаныя ў стратэгіі ідэі і прапановы сталі асновай для дзейнасці...

- Мэтамі ў такой стратэгіі можа быць пэўны аб'ём вытворчасці, які малы і сярэдні бізнэс зможа за гэтыя гады нарасціць, - кажа ён. - Ці гэта можа быць узровень даходаў і заробкаў у сферы малога прадпрымальніцтва.

Як мяркуе бізнэсоўца, найлепш ставіць такія мэты, чым, да прыкладу, планаваць павелічэнне долі прадпрымальніцтва да 50% ва УБП краіны.

- Дык гэта незразумела што адлюстроўвае: рост малога бізнэсу, ці тое, што ў краіне ўсе прамысловыя прадпрыемствы паваліліся і засталіся толькі прадпрымальнікі, - кажа экспэрт.

Віктар Маргелаў звяртае ўвагу, што ў Еўропе малымі прадпрыемствамі лічацца прадпрыемствы з лікам працаўнікоў да 500 чалавек.

- Менавіта такія кампаніі ў сучаснай эканоміцы з'яўляюцца найбольш гнуткімі і аптымальнымі для таго, каб забяспечыць эканамічны рост, - мяркуе экспэрт. - Іх развіццё дапаможа не толькі абсарбаваць людзей, якіх звальняюць з дзяржаўных прадпрыемстваў, але і ўзняць беларускую эканоміку агулам.

На думку лідара прадпрымальнікаў, бізнэсоўцам сумесна з прадстаўнікамі дзяржавы трэба прадумаць «ланцужок развіцця малога і сярэдняга бізнэсу да канчатковага выніку».

- Каб у выніку ў Беларусі фармаваліся эфектыўныя малыя прадпрыемствы, якія будуць вырабляць прадукцыю, пажадана экспартную, і ствараць новыя працоўныя месцы, - адзначае Віктар Маргелаў.

Балточка: Лепш пакінуць бізнэс у спакоі

Са слоў экспэрта Ліберальнага клуба Антона Балточкі, ужо на першапачатковым этапе створаная стратэгія развіцця МСП выклікае пытанні.

- Я мяркую, што такая стратэгія павінна абмяркоўвацца максімальна публічна, - кажа ён. - Так, заяўлена, што над стварэннем гэтага дакумента будуць працаваць прадстаўнікі не толькі Міністэрства эканомікі, але і бізнэс-хаўрусаў, а таксама Міжнароднай фінансавай карпарацыі.

Экспэрт мяркуе, што такая стратэгія павінна абмяркоўвацца больш шырока: на розных пляцоўках, у тым ліку і з удзелам прадстаўнікоў паспяховых праектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.

Эканаміст здзіўляецца: чаму дзяржава задумалася аб стварэнні такой стратэгіі менавіта сёння?

- У сітуацыі, калі бізнэсу складана спрагназаваць, у якіх умовах ён будзе працаваць праз паўгода, распрацоўваць стратэгію да 2030 года - гэта з нейкай пункту гледжання нават смешна, - адзначае аналітык.

У экспэрта таксама ёсць сумненні: ці будзе дакумент, які распрацоўваецца рэалізаваны.

- Сёння бізнэсу, у першую чаргу, неабходна забяспечыць роўныя ўмовы з дзяржаўнымі кампаніямі. Пакуль яны проста існуюць у розных сусветах, - звяртае ўвагу суразмоўца.

Яшчэ адна ўмова, якую трэба выканаць, каб малы і сярэдні бізнэс развіваўся: «пакінуць яго ў спакоі».

- Трэба проста даць бізнэсу магчымасць спакойна працаваць. Калі выканаць гэтыя дзве ўмовы, то ўжо праз год будзе адчувальны вынік, - прагназуе Антон Балточка.

Апошнія навіны