BE RU EN

Наркакантроль – Кастусёву: Не будзем сачыць за расейскай мяжой

  • 22.05.2016, 16:55

Гэта вынікае з адказу на зварот намесніка старшыні партыі БНФ.

Галоўнае ўпраўленне наркакантролю і процідзеяння гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі Міністэрства ўнутраных справаў не бачыць неабходнасці ва ўзмацненні кантролю на беларуска-расейскай мяжы, паведамляе «Радыё Свабода».

Гэта вынікае з адказу на зварот намесніка старшыні партыі Беларускі народны фронт Рыгора Кастусёва. Палітык настойваў, што такі кантроль павінен быць узмоцнены, бо наркотыкі і зброя амаль бесперашкодна трапляюць у Беларусь праз «адкрытасць мяжы з Расейскай Федэрацыяй».

«Супрацьдзеянне незаконнаму абароту наркотыкаў ва ўсходнім кірунку ажыццяўляецца на пастаяннай аснове усімі праваахоўнымі органамі, у тым ліку ў межах удзелу ў дзейнасці АДКБ» – сцвярджаецца ў адказе за подпісам кіраўніка ўстановы Васіля Лосіча.

Паводле словаў міліцыянта, «Беларусь з'яўляецца актыўным удзельнікам міжнароднай антынаркатычнай аперацыі "Канал" у перакрыцці каналаў кантрабанды наркотыкаў».

У адказе згадваецца і дэкрэт Лукашэнкі «Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў», згодна з якім была ўведзена крымінальная адказнасць за незаконнае перамяшчэнне праз дзяржаўную мяжу Беларусі наркотыкаў у рамках Еўразійскага эканамічнага звязу.

Апошнія навіны