BE RU EN

У Жодзіне затрымалі ўдзельнікаў мітынгу салідарнасці з прадпрымальнікамі

  • 21.05.2016, 17:47

На гарадскім рынку Жодзіна сёння прайшоў мітынг прадпрымальнікаў.

На рынку Жодзіна падчас мітынгу салідарнасці з прадпрымальнікамі міліцыянты затрымалі сябраў аргкамітэта «Салідарнасці з прадпрымальнікамі» Алеся Макаева, Аляксандра Абрамовіча і Міхаіла Латышава, актывіста БХД Паўла Пракаповіча і члена Маладога Фронту Паўла Старавойтава. Таксама на рынку быў складзены пратакол на мясцовага актывіста Івана Помазава, паведамляе «Радыё Свабода».

«Нас адвялі ў аддзяленне міліцыі і цяпер складаюць пратаколы. Хутчэй за ўсё не вызваляць да раніцы», - паспеў перадаць Павел Пракаповіч. Потым сувязь з актывістам абарвалася.

Мітынг доўжыўся 40 хвілін.

«Спачатку мітынгоўцы звярнуліся са зваротам да гандляроў і пакупнікоў рынку, потым пайшлі па радах. Міліцыянты фіксавалі дзеянні актывістаў, а потым па камандзе пачаліся затрыманні», - распавёў удзельнік акцыі.

Мітынгі салідарнасці з прадпрымальнікамі ўжо праходзілі ў Барысаве і Маладзечне 7 і 14 траўня. 31 траўня і 4 чэрвеня мітынгі запланаваныя ў Воршы і Баранавічах. Актывісты дамагаюцца скасавання ўказу №222 Аляксандра Лукашэнка, паводле якога забараняецца гандаль на рынках без сертыфікатаў.

Апошнія навіны