У Галандыі з гадавальніка збеглі два тыгры
- 14.05.2016, 21:15
Тыграў шукаюць з дапамогай гелікоптэра.
Два тыгры збеглі з галандскага гадавальніка для каціных недалёка ад вёскі Олдэбэркуп, паведамляе Reuters са спасылкай на паведамленне RTL. Мясцовым жыхарам рэкамендавалі ня пакідаць дамоў, тыграў шукаюць з дапамогай гелікоптэра, інфармуе NEWSru.com.
Паводле звестак RTL, двух драпежнікаў шукаюць каманды паліцэйскіх, а таксама гелікоптэр, на борце якога знаходзіцца ветэрынар з зараджанай транквілізатарам стрэльбай. Пошукі сканцэнтраваныя вакол вёскі Олдэбэркуп на поўначы краіны, дзе жыве блізу 1500 чалавек.
У Олдэбэркупе размешчаны прытулак для дзікіх жывёлін Felida. Паводле звестак Reuters, арганізацыя атрымлівае жывёлін з цыркаў, з заапаркаў і даглядае іх, затым перапраўляе ў больш буйныя гадавальнікі на поўдні Афрыкі.
Пад 15:00 Twitter муніцыпальных уладаў перадаў інфармацыю пра тое, што тыгры былі знойдзеныя і не рухаюцца, мабыць, з дапамогай стрэльбы з транквілізатарамі.