У першага ў гісторыі «Буквара» выявілі беларускія карані
- 12.05.2016, 18:13
Кніга была выдадзеная ў адным з самых старажытных беларускіх выдавецтваў у Вялікім княстве Літоўскім.
Першая ў гісторыі кніга, якая мела назву «Буквар», мае беларускія карані. Гэты факт нядаўна выявіў старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў і намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша.
У свеце захаваліся толькі два асобнікі першага друкаванага «Буквара». Адзін з іх, няпоўны, знаходзіцца ў Капэнгагене ў Каралеўскай бібліятэцы. Другі (поўны) - у Вялікабрытаніі ў Бібліятэцы Мідл Тэмпл, якая размяшчаецца ў гістарычным раёне Лондана Тэмпл, дзе некалі мелі сваю рэзідэнцыю знакамітыя рыцары-тампліеры, піша naviny.by.
«Як ні дзіўна, але нам вельмі пашанцавала, што адная з тых кніг яшчэ ў пачатку 17-га стагоддзя была вывезеная ў Лондан калекцыянерам навучальных выданняў Робэртам Эшлі. Далей яна трапіла ў паўзакрытае для вонкавага свету таварыства лонданскіх барысэраў (карпарацыю адвакатаў), дзе захоўваецца і сёння», - патлумачыў Алесь Суша.
Паводле ягоных слоў, ніводнаму з беларускіх даследчыкаў, ва ўсякім разе тым, хто жыве цяпер, раней не ўяўлялася магчымым убачыць «Буквар» на свае вочы.
«Дзякуючы спрыянню брытанскіх беларусістаў, прафесараў Лонданскага ўніверсітэта, і перш за ўсё Джыму Дынглі, у мяне з'явілася магчымасць вывучыць гэты найкаштоўнейшы помнік нашай культуры і нават зрабіць некаторыя копіі», - адзначыў Суша.
Навукоўцу атрымалася высветліць, што першая ў свеце кніга пад назвай «Буквар» была выдадзеная 24 ліпеня 1618 года ў друкарні віленскага Свята-Духава праваслаўнага брацтва ў Еўе (цяпер літоўскі горад Вевіс).
«Гэта было адное з самых старажытных беларускіх выдавецтваў у Вялікім княстве Літоўскім, якое выпускала нямала кніг на царкоўнаславянскай, старабеларускай і польскай мовах», - патлумачыў Алесь Суша.
Адпаведна, усяго праз пару гадоў, у 2018-м, беларускі «Буквар» будзе адзначаць 400-годдзе.
Раней меркавалася, што першы буквар на тэрыторыі Беларусі быў выдадзены ў 1631 году Спірыдонам Собалем.