BE RU EN

У Свіслач з ліўневай каналізацыі патрапілі нафтапрадукты

  • 29.04.2016, 17:32

Плошча забруджання ракі склала блізу 50 квадратных метраў.

Удзень 29 красавіка ў раёне вуліцы Палявой, 56 у Менску адбыўся выцек нафтапрадуктаў з ліўневай каналізацыі ў раку Свіслач. На месца выбывалі супрацоўнікі амаль дзясятка гарадскіх службаў, у тым ліку МНС, паведамляе tut.by.

Каб спыніць забруджванне, у канал была ўсталяваная пнеўматычная заглушка, а далей па цячэнні - стужачныя боны (загароды).

Агульная плошча забруджвання склала блізу 50 квадратных метраў, паведаміў прэс-сакратар МНС Мінска Віталь Дэмбоўскі. Выцек бруднай вады быў лакалізаваны а 13.25.

Прыналежнасць каналізацыі, а таксама прычына і вінаватыя ў здарэнні ўсталёўваюцца.

Работнікі Менскага камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ўжо адабралі пробы з ракі, каб высветліць узровень забруджвання. Спецыялісты гэтай структуры будуць праводзіць далейшае разбіральніцтва.

Гэта ўжо не першы выпадак забруджвання Свіслачы гэтай вясной. Месяц таму нафтапрадукты трапілі ў раку ў раёне парка імя Горкага (побач з вуліцай Купалы).

Фото: МЧС

Апошнія навіны