BE RU EN

Беларускія апазіцыянеры сустрэліся з парламенцкай дэлегацыяй Вугоршчыны

  • 28.04.2016, 16:05

Апазіцыянеры на сустрэчы з дэпутатамі з Вугоршчыны абмеркавалі ўмовы, у якіх рыхтуюцца «парламенцкія выбары».

У сустрэчы ўзялі ўдзел старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, намеснік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч і старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч, піша БелаПАН.

«Дэпутаты адкрываюць для сябе Беларусь. Для іх мы непрачытаныя кніга», - адзначыў у выніку сустрэчы Лябедзька. Ён таксама зрабіў акцэнт на тым, што «шмат што залежыць ад таго, з якім пасланнем прыехалі парламентарыі ў Менск». «Калі гэта настойлівая прапанова правесці ў верасні сумленныя свабодныя выбары паводле стандартаў АБСЕ, то мы яе вітаем, калі ж усё звядзецца да чаявання і «абдымкаў» з уладай, то гэта нічога, акрамя кансервацыі сітуацыі, не дасць», - сказаў старшыня АГП.

З ягоных слоў, старшыня камітэта міжнародных спраў Дзяржаўнага сходу Жолт Немет на сустрэчы адзначыў, што «няма лепшай ідэі, чым свабода і дэмакратыя», і нагадаў, што ў гэтым годзе ў Вугоршчыне адзначаюць юбілей падзей Вугорскага паўстання 1956 года, задушанага савецкімі войскамі.

Вугорскія дэпутаты прапанавалі беларускай апазіцыі «ўмацоўваць гарызантальныя міжпартыйныя сувязі», дадаў Лябедзька.

Як паведамлялася раней, парламенцкая дэлегацыя Вугоршчыны знаходзіцца з візітам у Беларусі 27-29 красавіка.

Апошнія навіны